Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Многія пінчукі былі абураныя дзеяньнямі міліцыянтаў, якія 7 ліпеня брутальна затрымлівалі гандляроў-пэнсіянэраў каля рынку. Хоць некаторыя лічаць, што гандлярам там ня месца і яны замінаюць людзям. Дзьве затрыманыя пэнсіянэркі чакаюць цяпер суду за незаконны гандаль і супраціў міліцыі.

Відэа, на якім пінскія міліцыянты закідваюць пэнсіянэраў у аўтамабілі, каб завезьці ў пастарунак, ускалыхнула інтэрнэт. За чатыры дні відэаролік на Youtube сабраў больш як сорак тысяч праглядаў. Відэа, на якім міліцыянты жорстка заштурхоўваюць пэнсіянэраў-гандляроў у аўтамабілі, нават закідваюць сталую жанчыну дагары нагамі, надзвычай жыва абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках. Пераважная большасьць камэнтатараў асуджаюць дзеяньні міліцыі.

Такой жа думкі і многія пінчукі, кажа кіраўнік мясцовай суполкі Партыі БНФ Алесь Рамановіч:

«Тое, што адбылося і як гэта рабілася, яно паказвае, якія ў нас міліцыянты, якое стаўленьне ў іх да людзей, якая павага да старэйшага ўзросту. У іх ёсьць загад, і дзеля загаду, каб застацца на працы, яны зробяць усё… Незаконны гандаль такім чынам нельга ліквідаваць, таму што ўвесь час там людзі гандлююць, гэта проста сталыя людзі, якія гандлююць садавіной, гароднінай. Чалавек прынясе там нейкае вядро гуркоў, ягад, ды стаіць цэлы дзень… А міліцыя звычайна як прыходзіць, яны разьбягаюцца…»

Алесь Рамановіч

Алесь Рамановіч

Алесь Рамановіч лічыць, што дзеяньням міліцыянтаў, якія ўчынілі такое жорсткае затрыманьне, трэба даць прававую ацэнку.

Пра намер даць ацэнку гэтым дзеяньням паведаміла ў сваім прэс-рэлізе і Берасьцейскае ўпраўленьне ўнутраных спраў. Пакуль невядома, ці пакараюць неяк міліцыянтаў, але аднаму з затрыманых ля пінскага рынку ўжо прысудзілі 2 мільёны штрафу за ўмяшаньне ў затрыманьне. Дзьве 64-гадовыя жанчыны чакаюць суду за незаконны гандаль і супраціў затрыманьню.

Пінчук Віктар, які жыве побач зь міні-рынкам «Заходні», дзе здарыўся інцыдэнт, кажа, што, нягледзячы на здарэньне, гандляры працягваюць сядзець на тым жа месцы. Спадар паведаміў Свабодзе, што ў яго неадназначная думка наконт гэтых гандляроў:

«Я сам жыву побач, таму і стаўленьне не такое і адназначнае. Безумоўна, людзі абураныя такімі паводзінамі міліцыянтаў. Але, зь іншага боку, я быў ня раз сьведкам, калі падыходзілі міліцыянты — і людзі адыходзяць, і ніякіх пратаколаў, ніхто нікога не забірае. А тут ужо, відаць, адмовіліся падпарадкоўвацца — і ўжылі сілу… Але многія людзі незадаволеныя, што там адбываецца гэты гандаль… Вы ведаеце, калі пад вокнамі вашага дома гэтыя бабулькі спрачаюцца, шумяць, гэта таксама ня вельмі прыемна…»

Як кажа спадар Віктар, пінчукі сумняюцца, што міліцыянтаў могуць пакараць. Суразмоўца лічыць, што гэты інцыдэнт ва ўсякім разе не дадасьць міліцыі павагі ў вачах простых жыхароў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG