Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні прайшоў фінал Х Нацыянальнага конкурсу школьных камандаў «Што я ведаю пра Эўропу?»

У фінале бралі ўдзел каманды-пераможцы паўфінальных гульняў, якія прайшлі ў траўні ў Магілёве, Горадні і Менску:

• «Эўра-М» (Магілёў),
• «Беларускае кола» (Наваградак),
• «Разам» (Маладэчна)
• «DVDend» (Жодзіна).

У складзе журы былі старшыня Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Улад Вялічка, намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец, каардынатар студэнцкіх дасьледаваньняў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Ірына Луневіч, журналіст Вадзім Александровіч.

Вёў конкурс вядомы актор і тэлевядоўца Юрась Жыгамонт.

На пачатку гульні ўдзельнікаў віталі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эвалдас Ігнатавічус і нязьменны арганізатар конкурсу, кіраўнік аргкамітэту Ігар Лялькоў.

Па выніках пяці этапаў, падчас якіх удзельнікі мусілі прадэманстраваць свае веды з гістарычнай геаграфіі Эўропы, біяграфіяў славутых дзеячаў эўрапейскай (у тым ліку і беларускай) культуры, навукі, палітыкі, выбітных асобаў паўстаньня 1863–64 гадоў і нават музыкі розных эўрапейскіх народаў, перамогу атрымала каманда «Беларускае кола» з Наваградку.

Пераможцы паедуць у Брусэль.
XS
SM
MD
LG