Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістка Ірына Халіп дагэтуль не атрымала з Партызанскага суду позву на паўторны разгляд сваёй справы. «Адтэрміноўка тэрміну майго пакараньня 2 гадамі сканчаецца 21 ліпеня, але гэта нядзеля.

Такім чынам, скрайні тэрмін для суду — 19 ліпеня. Застаўся тыдзень, але ані я, ані міліцыянты позвы з суду не атрымалі», — паведаміла Свабодзе Ірына Халіп.

За ўдзел у падзеях 19 сьнежня журналістка, жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Ірына Халіп была асуджаная Партызанскім судом Менску на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкаю на 2 гады. Сваёй віны Ірына Халіп не прызнала. Журналістка жыве ў Менску пад наглядам міліцыі.

У Партызанскім судзе сакратар судзьдзі Рыты Шаграй не паведаміла, на які дзень прызначаны паўторны працэс над Ірынай Халіп, але пацьвердзіла, што працэс прызначаны. «Ірыну Халіп праінфармуюць у патрэбным выглядзе», — сказала сакратар.

Ірына Халіп спадзяецца на станоўчае рашэньне, бо ня мае парушэньняў нагляду.

Таксама ў ліпені павінен адбыцца паўторны суд над былым кандыдатам на прэзыдэнта Ўладзімерам Някляевым, якога Фрунзенскі суд Менску асудзіў на два гады зьняволеньня з адтэрміноўкай на два гады.
XS
SM
MD
LG