Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палажанка: будзем судзіцца супраць прафіляктычнага нагляду над Дашкевічам


Сваякі Зьмітра Дашкевіча дамагаюцца, каб на суд у справе прафіляктычнага нагляду над палітвязьнем пасьля вызваленьня дапусьцілі ягонага абаронцу. «З адвакатам адмыслова паедзем у турму, каб гэта вырашаць», — паведаміла жонка палітвязьня Наста Дашкевіч.

28 жніўня на волю з гарадзенскай турмы мае выйсьці лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Ці прызначаць яму прафіляктычны нагляд, як гэта атрымалася з некаторымі іншымі былымі палітвязьнямі? Наста Дашкевіч (Палажанка) распавяла:

«Пакуль няма пра гэта інфармацыі. Будзем рабіць усё, каб даведацца. Там сыстэма такая, што адміністрацыя турмы будзе падаваць у суд, а той будзе вырашаць. Мы будзем рабіць усё, каб на тым судзе прысутнічаў адвакат, калі такое рашэньне прымуць Зьміцер і адвакат».

Паводле Насьціных зьвестак, Зьміцер Дашкевіч пачуваецца «нармальна, на здароўе ня скардзіцца». «Зьміцер шмат чытае і лістуецца. У яго пазытыўны настрой», — паведаміла Наста Дашкевіч.

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч адбывае ў гарадзенскай турме яшчэ год зьняволеньня, атрыманы нібыта за непадпарадкаваньне ў той час, калі заканчваў адбываць двухгадовы тэрмін зьняволеньня за хуліганства. Абодва прысуды Зьміцер Дашкевіч лічыць палітычна матываванымі.
XS
SM
MD
LG