Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У бойцы са спэцназам лідэру ўкраінскай апазыцыі разьбілі акуляры


Арсені Яцанюк 10 ліпеня ў Кіеве.

Арсені Яцанюк 10 ліпеня ў Кіеве.

У Кіеве апазыцыя заблякавала працу нелегітымнага, на яе думку, гарсавета. У сутычках са спэцназам пад сьценамі кіеўскай мэрыі пацярпеў кіраўнік палітрады апазыцыйнай партыі «Бацькаўшчына» Арсені Яцанюк — яму разьбілі акуляры.

Бойка адбылася, калі каля 200 байцоў міліцэйскага спэцпадразьдзяленьня «Бэркут» адціскалі з ганку Кіеўскай рады пратэстоўцаў і дэпутатаў Вярхоўнай рады, якія спрабавалі прарвацца ў будынак на пасяджэньне сталічных дэпутатаў.

Па словах пацярпелага Яцанюка, акуляры яму разьбіў спэцназавец ростам больш за два мэтры, калі ён абараняў дзяўчыну. У адказ на дзеяньні бэркутаўцаў мітынгоўцы скандавалі: «Банду — прэч!»

Сакратара Кіеўскай рады Галіна Герэга змагла адкрыць пленарнае пасяджэньне, аднак апазыцыйныя дэпутаты атачылі трыбуну, заблякаваўшы працу большасьці. Як заявіла кіраўніца фракцыі «Блёк Юліі Цімашэнкі — Бацькаўшчына» Тацяна Меліхава, апазыцыянэры настойваюць на самароспуску Кіеўскай рады і ў выпадку правядзеньня яе сэсій будуць расцэньваць гэта «як захоп улады».

Дэпутаты фракцый «БЮТ-Бацькаўшчына» і «Удар» мяркуюць, што цяперашні склад Кіеўскай рады страціў сваю легітымнасьць 2 чэрвеня 2013 году, паколькі ў той дзень мінуў прадугледжаны Канстытуцыяй Украіны 5-гадовы тэрмін яе паўнамоцтваў, і патрабуюць правядзеньня адначасовых пазачарговых выбараў мэра Кіева і Кіеўскай гарадзкой рады сёлета.

У канцы траўня Канстытуцыйны суд Украіны вынес вэрдыкт аб тым, што чарговыя мясцовыя выбары на Ўкраіне павінны праводзіцца адначасова ў кастрычніку 2015 году, незалежна ад таго, якімі былі папярэднія выбары — чарговыя ці пазачарговыя.
XS
SM
MD
LG