Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі з 12 ліпеня падвышаюцца цэны на цукар, хлеб і гарэлку. Напярэдадні гэтыя прадукты ў крамах карысталіся падвышаным попытам.

У адпаведнасьці з урадавай пастановай цэны на цукар у сярэднім павялічваюцца на 5%, на хлеб — на 10% і на гарэлку — на 28–40%.

Загадчыца адной зь менскіх крамаў Галіна Казак кажа, што вызначаныя прадукты карыстаюцца цяпер падвышаным попытам, а на цукар цэны за лета падвысяцца яшчэ раз: «Ужо заўтра — ня ведаю, колькі хлеб, а цукар будзе каштаваць 8400. Сёньня — 8000 рублёў. Ужо за тыдзень, а мо і за два людзі ведалі, што цукар будзе падвышацца на 5%. Я адзін раз цукар замовіла, другі раз замовіла, атрымала — хапаюць упакоўкамі. Зараз пачынаюцца закаткі. І штогод падвышаюцца кошты на цукар, і не адзін раз. І яшчэ будзе падвышэньне на цукар, канечне».

У некалькіх невялікіх менскіх крамах жыхары бліжэйшых дамоў разабралі ўвесь цукар. Там, дзе гэты прадукт заставаўся, яго набывалі цэлымі ўпакоўкамі.

Спадар: «Так, хадзілі чуткі, што цукар будзе даражэць. Мяне гэта дзівіць, бо заўсёды была інфармацыя, што ў Беларусі перавытворчасьць цукру, і чаму будзе яго падвышэньне — цяжка меркаваць. Ці парады дарагія, спартовыя ці іншыя якія імпрэзы — ня ведаю. Але думаю, што надбаўкі да пэнсіяў відавочна спазьняюцца за ростам коштаў».

Карэспандэнтка: «Ці заўважаеце вы рост цэнаў у крамах?»

Спадарыня: «Заўважна, вядома. Яны паволі, паволі, але растуць. Я на сваю пэнсію пражыць не магу, я начамі працую. А падвышэньне цэнаў — гэта жахліва».

Спадар: «Занадта, занадта высокія кошты. І ўсё гэта — палітыка дзяржавы».

Чарговае падвышэньне цэнаў на гарэлку, хлеб і цукар Міністэрства эканомікі тлумачыць эканамічнай мэтазгоднасьцю. Эканаміст Міхась Залескі называе гэта вырашэньнем дзяржаўных фінансавых праблемаў коштам найменш забясьпечаных катэгорыяў насельніцтва:

«Гарэлкі ў нас прадаецца шмат: алькаголікаў паўтара мільёна, і кожнаму патрэбна бутэлька. Падвысілі кошты, і глядзіш — пару мільёнаў даляраў за дзень і дадалося. Ну, а хлебам і цукрам усе харчуюцца. Асабліва „радасна“ зараз бабулям, якія зьбіраюць ягады. Яны цукрам запасьліся на тры гады наперад, але ж усё роўна давядзецца набываць. Гэта таму, што ў дзяржавы няма сродкаў, вось яна і вырашыла спагнаць з насельніцтва, каб гэтыя 500 даляраў адной рукой даць, а другой забраць. Але 500 даляраў далі і тым, хто не адзіным хлебам жыве, а забіраць будуць у тых, хто ў асноўным толькі хлебам і харчуецца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG