Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярашук: «Літва ня верыць беларускім уладам, што сытуацыя пад кантролем»


Аляксандар Ярашук

Аляксандар Ярашук

Літва заяўляе пра свой намер пабудаваць на мяжы з Беларусьсю больш як 500-кілямэтровую агароджу для прадухіленьня распаўсюджваньня эпідэміі афрыканскай чумы сьвіней зь Беларусі. Як можна ацаніць шкоду, якую нанесла гэта эпідэмія беларускай сельскай гаспадарцы і ўвогуле эканоміцы? Што можна казаць пра ўзровень узаемнага даверу паміж Беларусьсю і краінамі-суседзямі на фоне заявы афіцыйнай Літвы? На гэтыя пытаньні адказвае былы кіраўнік прафсаюзу аграпрамысловага комплексу Аляксандар Ярашук.

— Ці ўсё зрабілі адпаведныя беларускія службы, каб не дапусьціць гэтай хваробы? Ці можна ўжо цяпер ацаніць тую шкоду, што нанесла афрыканская чума сьвіней Беларусі?

— Беларуская вэтэрынарная служба працуе вельмі прафэсійна, тут няма сумневаў. Праблема палягае ня ў тым, што вэтэрынары не ажыцьцявілі нейкія захады. Праблема ляжыць у палітычнай плашчыні, бо не прымаліся рашэньні, якія адпавядалі сытуацыі з пункту гледжаньня публічнасьці. Усё замоўчвалася, ёсьць нямала зьвестак, што яшчэ некалькі месяцаў таму праходзіла інфармацыя, што зьявіліся нейкія ўспышкі хваробы. Якраз гэтая закрытасьць і стварыла фон, на якім зараз вырасьлі такія небясьпечныя і маштабныя наступствы эпідэміі. Бо іншай барацьбы, акрамя таго, як зьнішчыць пагалоўе, — не існуе.

Скрозь зубы дзяржава прызнала праблему, але поўнай галоснасьці няма, таму ўзьнікае паніка, — гэта ўсё і спрыяе таму, што эпідэмія распаўсюджваецца далей.

— Літва нават заявіла, што мае намер пабудаваць на мяжы зь Беларусьсю больш як 500-кілямэтровую агароджу для прадухіленьня распаўсюджваньня эпідэміі афрыканскай чумы сьвіней зь Беларусі. Ці сапраўды сытуацыя настолькі небясьпечная для краінаў-суседзяў Беларусі ці яны проста піярацца на фоне беларускіх праблемаў?

— Людзі заўсёды баяцца нявызначанасьці. І калі краіна закрытая, як Беларусь сёньня, то гэта рэакцыя літоўцаў перш за ўсё на тое, што няма дакладнай інфармацыі. То бок афіцыйнаму Менску проста ня вераць, ня маюць уяўленьня пра маштабы эпідэміі і пагрозы, што яна нясе суседнім краінам.

Гэта тое самае, што было за савецкім часам. Можа, і праблема не настолькі вялікая, але ж яна замоўчваецца. Рэакцыя Польшчы і Літвы акурат тлумачыцца тым, што ў Беларусі недэмакратычны лад, і ніхто ня верыць, што сытуацыя пад кантролем і ці яна можа быць і надалей пад кантролем.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG