Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чарніцы з радыяцыяй? Купляй: чыстыя


Чарніцы спажывецкай каапэрацыі: 67 бэкерэляў цезію-137 на кіляграм

Чарніцы спажывецкай каапэрацыі: 67 бэкерэляў цезію-137 на кіляграм

На рынках Гомеля цяпер прадаецца багата грыбоў і ягад, асабліва чарніц. Усе яны ў большай ці меншай ступені заражаныя радыяцыяй — чыстых ад радыяцыі лясных тэрыторый у рэгіёне, па сутнасьці, няма.

На Прывакзальным рынку лясныя чарніцы прадаюць вёдрамі нават зь зямлі. Двухсотграмовая шклянка ягад — 6–7 тысяч. На выгляд чарніцы прывабныя.

У кабеты сярэдняга веку пытаюся пра кантрольны квіток зь лябараторыі:

«Ой, сёньня ня бралі, бо гэта ж кожны дзень трэба несьці правяраць на Цэнтральны рынак. У нас чарніцы зь Церухі, а Церуха чыстай зонай лічыцца».

Кабета сьцьвярджае, што чарніцы быццам бы чыстыя. Сёлета на пачатку ягаднага сэзону яна правярала. Сваёй лябараторыі на Прывакзальным рынку няма, а кожнае вядро насіць на Цэнтральны рынак на праверку не выпадае. Дый паўкілё ягад шкада пакідаць у лябараторыі:

«Паўкілё ягад трэба аддаць, каб яны праверылі. Паўкілё! Назад не аддаюць. Ды яшчэ самае кепскае, што іх трэба ўсе туды несьці. Ня тое, што я насыпала шклянку дома, аднесла лёгка і праверыла. Не, прынясіце ўсё зь вядром, а потым назад нясіце. Гэта ж рукі баляць цягаць туды-сюды».

Бабуля зь вёскі Міхалькі, якая прадае чарніцы за колькі крокаў, наагул нэрвова рэагуе на просьбу паказаць экспэртны квіток вэтсанлябараторыі:

«Што вы прычапіліся — пакажыце ды пакажыце... Бярыце сьмела: я дзецям бяру, варэнікі вару, варэньне. У нас чыстая зона».

У любой гандляркі, якая не правярае ягады ці грыбы, заўсёды знаходзіцца аргумэнт для даверлівых: «сама спажываю», «дзецям даю», «чыстая зона».
Гандаль на Прудкоўскім рынку

Гандаль на Прудкоўскім рынку


Насамрэч толькі на поўдзень ад Гомеля ягады сям-там адносна чыстыя. Сустракаюцца тыя ж чарніцы, у якіх на кіляграм толькі 20 бэкерэляў радыенуклідаў.

У лябараторыі Прудкоўскага рынку апавялі, што вязуць у Гомель на продаж грыбы й ягады з Чачэрскага, Добрускага, Буда-Кашалёўскага раёнаў — і далёка не заўсёды яны адпавядаюць нават лагодным беларускім дапушчальным узроўням утрыманьня радыенуклідаў у лясной прадукцыі:

«Чачэрскі раён: чарніцы брудныя — 569 бэкерэляў на кіляграм пры норме 185. Дакладней, дапушчальным узроўні, хоць для нас ужо лічыцца ўзровень як норма жыцьця. Былі ў нас грыбы сьвежыя, лісічкі з Добрускага раёну: пры норме 370 яны ўтрымлівалі 2298 бэкерэляў на кіляграм».

Зьбіральнікі кажуць, што не ад добрага жыцьця ідуць у лес па заражаныя радыяцыяй грыбы й ягады.

Гаворыць спадарыня Надзея зь вёскі Пярэдзелка Лоеўскага раёну:

«Праца пякельная — сьпякота, боты гумовыя, камары, авадні. Матэрыяльнае становішча прымушае. Пэнсія маленькая — паўтара мільёна. А дровы каштуюць мільён — вось і зьбяры з пэнсіі. А яшчэ тэлефон, газ ды ўсе іншыя выдаткі. Церазь „не магу“ едзеш, поўная сумка лекаў — і валідол, і кроплі ад сэрца. І сюды, у Гомель, яшчэ прывезьці — 70 кілямэтраў. Білет каштуе 35 тысяч. Такія чарніцы дарагія, а паспрабуй яшчэ іх прадаць...»
XS
SM
MD
LG