Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарам Валожынскага раёну забаранілі трымаць сьвіней


Жыхарам Валожынскага раёну Менскай вобласьці з 8 ліпеня «катэгарычна забаронена» трымаць сьвіней. Забарона абвешчана на паўгода, паведамілі ў Валожынскім райвыканкаме.

Адпаведнае распараджэньне адміністрацыі разьмешчана на сьценах вясковых крамаў. У ім гаворыцца, што ў сувязі з абвяшчэньнем часткі Валожынскага раёну першай зонай пагрозы па захворваньні сьвіней афрыканскай чумой, грамадзяне мусяць у тэрмін да 8 ліпеня 2013 году «забіць здаровых сьвіней для асабістага спажываньня». Гаспадарам паабяцана магчымасьць «здаць лішкі сьвіней у жывой вазе на мясакамбінаты», перадае БелаПАН.

Закуп сьвіней будзе ажыцьцяўляцца празь сельсаветы па заяўках, якія неабходна было падаць да 5 ліпеня. У выпадку выяўленьня захворваньня сьвіней грамадзянам трэба тэрмінова зьвяртацца на пазначаны тэлефон. Самастойна прымаць меры забаронена.

«Ад 8 ліпеня 2013 г. утрыманьне сьвіней катэгарычна забаронена на працягу шасьці месяцаў, — сказана ў распараджэньні. Тых, хто парушыць патрабаваньні, чакае адказнасьць згодна з арт. 284 КК РБ.

Артыкул 284 Крымінальнага кодэксу (парушэньне вэтэрынарных правілаў) прадугледжвае пакараньне ў выглядзе штрафу, папраўчых працаў на тэрмін да двух гадоў або пазбаўленьня волі на такі ж тэрмін з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады.

У выпадку выяўленьня сьвіней «пры паўторным падворным абыходзе пагалоўе будзе канфіскоўвацца без прадстаўленьня выплат па кампэнсацыі», — папярэджвае адміністрацыя Валожынскага раёну.

Валожынскі раён мяжуе з Івейскім раёнам Гарадзенскай вобласьці, дзе ў канцы чэрвеня была зарэгістравана ўспышка захворваньня афрыканскай чумой сьвіней (АЧС).
XS
SM
MD
LG