Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Літва хоча адгарадзіцца плотам ад беларускай эпізаотыі


Дзяржаўная ветэрынарна-харчовая служба Літвы афіцыйна зьвярнулася ў Эўрапейскую камісію з просьбай аб выдзяленьні 3,5 млн. эўра на забесьпячэньне абароны ад афрыканскай чумы сьвіньняў (ФЧС), ўспышка якой зафіксавана ў Беларусі.

Па словах кіраўніка службы Ёнаса Мілюса, грошы неабходныя для ўстаноўкі спэцыяльных ангараў на мяжы зь Беларусьсю і сродкаў дэзынфэкцыі. Ён паведаміў таксама, што абмяркоўваецца магчымасьць збудаваньня 500-кілямэтровага плоту на мяжы Літвы і Беларусі, каб спыніць свабодны рух дзікіх зьвяроў. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Галоўны санітарны ўрач Расеі Генадзь Анішчанка скептычна ацаніў пляны Літвы. «Няхай ставяць плот, але мера бескарысная», — адзначыў Анішчанка, удакладніўшы, што АЧС можа быць занесена шляхам нелегальнага завозу заражанага мяса. Таксама АЧС можа распаўсюджвацца празь зерне. «Калі ў нейкім рэгіёне ёсьць АЧС, то з гэтага рэгіёну нельга вывозіць збожжа», — удакладніў Анішчанка.

Ён таксама лічыць, што вірус у пэрспэктыве можа стаць небясьпечным для людзей. «Калі ўзгадаць, што сьвіньня па сваёй фізыялёгіі вельмі блізкая да чалавека, і яны хварэюць гэтак жа, як і мы... Ёсьць падставы думаць, што ў чарговым туры мутацыі гэтага вірусу ён можа стаць небясьпечным для чалавека», — сказаў ён.

Анішчанка адзначыў, што ў цяперашні час АЧС хварэюць толькі жывёлы, і найбольш эфэктыўным спосабам прадухіленьня гэтага захворваньня зьяўляюцца «вельмі жорсткія карантынавыя меры».

Як раней паведамляў БелаПАН, галоўнае ўпраўленьне міністэрства надзвычайных сытуацый РФ па Смаленскай вобласьці ўчора адкрыла карантынавыя пасты на мяжы зь Беларусьсю для перадухіленьня распаўсюду афрыканскай чумы сьвіньняў.

Генэтычны матэрыял ўзбуджальніка АЧС быў выяўлены ў філіяле «Лучеса» Віцебскага камбінату хлебапрадуктаў. 2 ліпеня Мінсельгасхарч паведаміў аб прыпыненьні «экспарту хатніх і дзікіх сьвіньняў, мяса і прадуктаў забою ад іх, ўсіх відаў харчовых прадуктаў, атрыманых ад такіх жывёл» з тэрыторыі Віцебскай вобласьці. Успышка захворваньня таксама зарэгістраваная ў Іўеўскім раёне Гарадзенскай вобласьці.

Часовую забарону на ўвоз сьвіньняў і сьвініны зь Беларусі ўвялі Ўкраіна, Польшча, Літва і Латвія. Кіраўнік дзяржаўнай вэтэрынарна-харчовай службы Літвы Ёнас Мілюс лічыць сытуацыю з распаўсюдам АЧС ў Беларусі «практычна некіравальнай».
XS
SM
MD
LG