Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненьні да журналісткі расейскай «Новой газеты» Ірыны Халіп, якая была асуджаная на 2 гады з адтэрміноўкай за падзеі 19 сьнежня 2010 году, накіраваныя для разгляду ў суд.

Пра гэта Ірыне Халіп паведамілі ў крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Партызанскага РУУС Менску, якая ажыцьцяўляе нагляд за журналісткай. Паводле рашэньня суду Ірына Халіп на працягу двух гадоў ня мела права пакідаць Менск і павінна была рэгулярна адзначацца ў міліцыі:

«2 гады адтэрміноўкі прысуду, вынесенага мне за падзеі на Плошчы 19 сьнежня 2010 году, сканчаюцца 21 ліпеня. Суд павінен вырашыць: ці накіраваць мяне ў турму, ці вызваліць ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі на 2 гады». Паколькі 21 ліпеня — гэта нядзеля, выходны, судовае паседжаньне павінна адбыцца не пазьней за 19 ліпеня».

Ірына Халіп, вядомая журналістка, карэспандэнт расейскай «Новой газеты», жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, які атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі. У траўні 2011 году яна была прызнана вінаватай ва ўдзеле ў масавых беспарадках пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 года і асуджаная на два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады. Яна ня мае права пакідаць Менск, абавязаная кожны тыдзень адзначацца ў міліцыі і быць дома пасьля 10 гадзін вечара.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова (у інтэрвію брытанскім журналістам 9 кастрычніка 2012 г., падчас прэсавай канфэрэнцыі 15 студзеня 2013) казаў пра тое, што Халіп можа выяжджаць з краіны, і абяцаў арганізаваць ёй такую магчымасьць. У прыватнасьці, 15 студзеня, адказваючы на пытаньне БелаПАН, ён заявіў: «Калі вы хочаце яе кудысьці павезьці, заўтра ідзіце да генэральнага пракурора. У мяне ёсьць адпаведныя паўнамоцтвы, вы яе забіраеце і везяце. Але яна не паедзе». Паводле слоў Лукашэнкі, «Ірына — ня самая дурная жанчына, яна выдатна разумее: сёньня яна ахвяра рэжыму, заўтра пра яе забудуць. Вось, напэўна, таму яна і ня зьехала».

13 лютага Халіп дазволілі выезд у Вялікабрытанію для сустрэчы з мужам і ў Расею для ўдзелу ў рэдакцыйных мерапрыемствах «Новай газеты». Яна вярнулася ў Беларусь 3 красавіка, у адведзены нагляднымі органамі тэрмін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG