Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сноўдэн пакуль не прыняў прапанову Вэнэсуэлы


Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура

Сайт WikiLeaks абверг інфармацыю аб тым, што былы супрацоўнік ЦРУ ЗША Эдвард Сноўдэн прыняў прапанову Вэнэсуэлы даць яму прытулак.

Абвяржэньне зьявілася ў сувязі з блытанінай, якая ўзьнікла пасьля апублікаваньня паведамленьня ў Твітэры, у мікраблёгу кіраўніка камітэту Дзярждумы Расеі па міжнародных справах Аляксея Пушкова. Праз паўгадзіны гэта паведамленьне было выдалена, пазьней зьявілася новае — са спасылкай на тэлеканал «Весьці-24», а яшчэ праз 15 хвілінаў Пушкоў зноў напісаў пра прытулак для Сноўдэна, але ўжо зь іншай фармулёўкай. Пушкоў займае пракрамлёўскія пазыцыі і блізкі да расейскага кіраўніцтва.

Прытулак Сноўдэну прапанавалі таксама Куба, Балівія і Нікарагуа.

Эдвард Сноўдэн апублікаваў сакрэтныя дадзеныя аб амэрыканскіх праграмах электроннага сачэньня і абвінавачваецца ў ЗША ў шпіянажы.

Цяпер ён, як мяркуецца, застаецца ў транзытнай зоне маскоўскага аэрапорту «Шарамецьцева», куды прыляцеў 23 чэрвеня з Ганконгу. Яго амэрыканскі пашпарт ануляваны, а іншых дакумэнтаў у яго пакуль няма.
XS
SM
MD
LG