Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эгіпэт: Канстытуцыйную дэклярацыю адхілілі і ісламісты і лібэралы


Прыхільнікі Мурсі здымаюць вялікі сьцяг з партрэтам зрынутага прэзыдэнта

Прыхільнікі Мурсі здымаюць вялікі сьцяг з партрэтам зрынутага прэзыдэнта

Эгіпэцкая апазыцыя не ўхваліла Канстытуцыйную дэклярацыю, указ аб прыняцьці якой раней выдаў часовы прэзыдэнт Эгіпту Адлі Мансур.

Дакумэнт прадугледжвае скліканьне Канстытуцыйнай асамблеі для падрыхтоўкі зьменаў у Канстытуцыю на працягу двух тыдняў і правядзеньне парлямэнцкіх выбараў праз шэсьць месяцаў з моманту выданьня дэклярацыі.

Найбуйнейшай апазыцыйнай палітычнай сілай у Эгіпце зьяўляецца Фронт Нацыянальнага выратаваньня (ФНС), які аб’ядноўвае некалькі лібэральных партый краіны, на чале якіх стаяць вядомыя грамадзкія дзеячы, ў тым ліку, былы генэральны сакратар Лігі арабскіх дзяржаваў Амр Муса і былы кіраўнік МАГАТЭ Мухамэд Эль-Барадэй.

ФНС заявіла пра неабходнасьць унесьці зьмены ў Канстытуцыйную дэклярацыю, прапанаваную часовым кіраўніком дзяржавы.

Напярэдадні і рух «Браты-мусульмане» зрынутага прэзыдэнта Мухамада Мурсі адпрэчыў плян выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта краіны Адлі Мансура.

Намесьнік старшыні «Партыі свабоды і справядлівасьці», якая зьяўляецца палітычным крылом руху, заявіў, што гэты плян верне краіну ў мінуўшчыну.
Прыхільнікі руху «Браты-мусульмане» праводзяць няспынныя дэманстрацыі ў падтрымку зрынутага прэзыдэнта.

Часовая ўлада Эгіпту працягвае фармаваць новы ўрад. Учора новым прэм’ер-міністрам Эгіпту быў прызначаны Хазэм Аль-Бэблаві — былы міністар фінансаў, лібэральны эканаміст. Адзін зь лідэраў Фронту Нацыянальнага выратаваньня Мухамэд Эль-Барадэй прызначаны віцэ-прэзыдэнтам па замежных справах. Прадстаўнік часовага кіраўніка дзяржавы заявіў, што пасады ў новым кабінэце будуць прапанаваныя і прадстаўнікам ісламісцкага лягеру — у тым ліку і «Партыі свабоды і справядлівасьці».

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Савудаўская Арабія прапанавалі Эгіпту дапамогу ў памеры 6 мільярдаў даляраў.
XS
SM
MD
LG