Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімер Макей апублікаваў у ангельскай вэрсіі часопісу «Россия в глобальной политике» артыкул, у якім спрабуе апраўдаць парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

«Пытаньне правоў чалавека ня будзе канфліктным, калі мы будзем шанаваць асаблівыя гістарычныя шляхі адзін аднаго», — зьвяртаецца Макей да, як трэба разумець, заходняга чытача. Пры гэтым, перакананы Макей, гэтыя самыя асаблівасьці гістарычнага разьвіцьця краінаў абумоўліваюць і рознае ўспрыманьне паняцьцяў правоў чалавека. Іншымі словамі, ён прапануе Захаду прызнаць статус-кво цяперашняй сытуацыі ў Беларусі як вынік «асаблівага гістарычнага шляху».

Прыкметна, што ў сваім гістарычных экскурсе Макей Беларусь да Эўропы не адносіць — ён лічыць яе часткай «Эўразіі». Ня ў тым сэнсе, што Беларусь месьціцца на эўраазіяцкім кантынэнце, як Францыя ці Нямеччына — а па «цывілізацыйнай», так бы мовіць, катэгорыі — ставіць Беларусь асобна ад тых жа Францыі і Нямеччыны, туды, дзе Расея і Кітай. І пры гэтым аўтар спасылаецца на прыналежнасьць Беларусі да «калектывісцкай культуры».

Пэўнае зерне ісьціны ў такім падзеле знайсьці можна. Калі ў Эўропе (не адразу, канешне) панаваў прыярытэт закону, дык на ўсходзе — цар, генэральны сакратар, вялікі корчмы Мао, вялікі правадыр таварыш Кім і г.д.

І гэта адчуваецца аж да сёньня.

Просты прыклад: калі ў ЗША дачку прэзыдэнта за незаконнае ўжываньне алькаголю ў бары (ёй не было 21 году) асуджаюць на 90 гадзінаў грамадзкіх працаў, і тата пальцам ня можа паварушыць, каб зьмякчыць ці скасаваць пакараньне — дык у адной краіне «эўразіі» сямігадовы сынок кіраўніка дзяржавы прымае парад, а генэралы і афіцэры аддаюць яму пад казырок. Альбо такі прыклад: сума кампэнсацыі зьняважанаму ў паліцэйскім пастарунку Нью-Ёрку эмігранту (не грамадзяніну) дасягнула некалькіх дзясаткаў мільёнаў даляраў — а ў адной краіне «эўразіі» за скаргу на незаконныя дзеяньні міліцыі пацярпелы атрымаў 15 сутак.

Але — ці трэба паважаць такую «асаблівасьць» і пераносіць яе ў XXІ стагодзьдзе, у цэнтар Эўропы?

Спасылкі Макея на нібыта «калектывісцкую культуру» беларускага грамадзтва мае карані, з аднаго боку, у камуністычным мінулым, калі «калектыў» вырашаў за асобу літаральна ўсё (праўда, звычайна штампаваў тое, што ўжо вырашылі партбюро ці куратар з КДБ), а з другога — у ідэалёгіі панславізму, спрытна скарыстанай ідэолягамі «раньняга» лукашэнкаўскага пэрыяду (у 1996 годзе скліканьне першага т.зв. «усебеларускага сходу», адначасна з разгонам Вярхоўнага Савету, апраўдвалася «соборностью, свойственной глубоким традициям белорусского и русского народов, единство которых..» — ну і г.д).

Міністар замежных спраў Рэспублікі Беларусь можа зьдзівіцца, але Беларусь не заўсёды была ў «эўразіі» і пад расейскім уплывам — існавала і ВКЛ, Статут якога, напісаны па-беларуску, лічыўся ў свой час узорам таго, што сёньня мы называем канстытуцыйным правам.

І ў пачатку 1990-х, у час новага беларускага Адраджэньня, краіна распачала шлях да замацаваньня агульнапрынятых прынцыпаў у галіне правоў чалавека. Сьведчу як тагачасны член Канстытуцыйнай Камісіі і сакратар Камісіі ВС у пытаньнях галоснасьці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека. Не было сэсіі Вярхоўнага Савету, на якой бы не ратыфікаваўся нейкі міжнародны дакумэнт, так ці інакш зьвязаны з правамі чалавека. Не скажу, што ў тыя гады міліцыя альбо пэнітэнцыярная сыстэма былі бездакорныя — вельмі часта дэпутатам даводзілася выступаць з крытыкай. Але потым міністар унутраных спраў ці генэральны пракурор вымушаны быў апраўдвацца за дзеяньне падначаленых.

Перакананы, Беларусь і далей ішла б па шляху замацаваньня прыярытэту права, калі б у 1994-м пэўныя сілы не вывернулі яе на «асаблівы шлях».

Але нават і на гэтым «асаблівым шляху» Беларусь застаецца краінай, якая далучылася да Ўсеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека, падпісала шэраг міжнародных дакумэнтаў, што накладаюць на ўладу абавязкі выконваць пэўныя нормы. Незалежна ад таго, якая гэта будзе ўлада — дэмакратычная ці аўтарытарная, прарасейская ці празаходняя.

І ніякія «гістарычныя асаблівасьці», рэальныя альбо фантомныя, ня могуць быць апраўданьнем для забойства палітычных апанэнтаў, кіданьня актывістаў апазыцыі за краты, ламаньня костак удзельнікам мірных шэсьцяў.

Заклікі паважаць спэцыфічныя асаблівасьці ў гісторыі ня новыя — у свой час у Нямеччыне добра вядомыя ідэолягі таксама знаходзілі апраўданьне ў «асаблівасьці гістарычнага шляху». На шчасьце, ня ўсе пагадзіліся «паважаць» гэтыя «асаблівасьці». І галоўнае — урэшце, адмовіліся іх паважаць самі немцы.

І тое, што было прадметам павагі — зрабілася сымбалем ганьбы.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG