Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму растуць дэвальвацыйныя чаканьні?


Ужо два банкі прадаюць даляр даражэй за 9 тысяч рублёў. Як паўплывае на эканоміку Беларусі аслабленьне расейскага рубля? Ці хопіць золатавалютных рэзэрваў? Ці варта чакаць дэвальвацыі?

Удзельнікі: экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук і эканаміст Сяргей Чалы.


Ці ёсьць падставы для аслабленьня рубля?


Валер Карбалевіч: «Здаецца, дэвальвацыйныя чаканьні сярод беларускага насельніцтва апошнім часам існуюць пастаянна. Яны то падвышаюцца, то паніжаюцца. Але, здаецца, апошнімі днямі яны падвысіліся. Вось ужо два банкі прадаюць даляр даражэй за 9 тысяч рублёў. А гэта псыхалягічна важная мяжа. Ці сапраўды ёсьць прычыны чакаць аслабленьня беларускага рубля?»

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук
Зьміцер Крук: «Так, ёсьць. І складаліся яны доўгі час. Але Нацбанку ўдавалася іх стрымліваць за кошт манэтарнай палітыкі, найперш — за кошт высокіх працэнтных ставак.

Цяпер на аслабленьне беларускага рубля ўплываюць некалькі тэндэнцыяў. Перадусім гэта пагаршэньне сытуацыі на зьнешніх рынках. Сальда замежнага гандлю — з дэфіцытам. Пагоршылася каньюнктура на расейскім рынку, бо запаволіліся тэмпы росту ў Расеі. І гэта нэгатыўна ўплывае на беларускі экспарт. Неспрыяльная для беларускіх экспартэраў сытуацыя на энэргетычных і сыравінных рынках.

Другі чыньнік — унутраная эканамічная палітыка. Мне яна нагадвае палітыку ў першай палове 2009 году. Тады наш урад не хацеў прызнаваць наяўнасьць крызісу. І хоць попыт ня рос, адбываўся рост выпуску прадукцыі. Так і цяпер. Гэта вядзе да павялічэньня зьнешнегандлёвага дэфіцыту і росту напругі на валютным рынку».

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
Сяргей Чалы: «Да тых фактараў, якія пералічыў сп. Крук, я б дадаў чыньнік мадэрнізацыі беларускай прамысловасьці. Бо гэта вядзе да росту інвэстыцыйнага імпарту (1 млрд даляраў за першыя пяць месяцаў). А гэта аказвае ціск на бягучы рахунак плацёжнага балянсу.

Расея прыняла рашэньне аслабіць свой рубель, каб стымуляваць свой экспарт і эканамічны рост. А структура нашага замежнага гандлю такая, што асноўныя паступленьні валюты адбываюцца ў расейскіх рублях. Таму для Беларусі гэтыя працэсы ў Расеі неспрыяльныя. І раней заўсёды на аслабленьне расейскага рубля мы адказвалі прапарцыйным аслабленьнем беларускага рубля».


Абменны курс рубля — ці свабодны ён, ці рынкавы?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Карбалевіч: «Калі восеньню 2011 году Нацбанк прыняў рашэньне перайсьці на свабодны ці плаваючы абменны курс беларускага рубля, здавалася, што гэта стане нейкім баромэтрам, індыкатарам стану ня толькі плацёжнага балянсу, але і сытуацыі ва ўсёй эканоміцы. Аднак, падаецца, гэтага не адбылося. Мінулым годам у першай палове існавала станоўчае сальда замежнагандлёвага балянсу. Цяпер гэтае сальда адмоўнае. Аднак гэты чыньнік практычна мала ўплывае на абменны курс. Ён застаўся амаль такі, як і год таму. Дык што ж гэта за баромэтар? Значыць, насамрэч абменны курс не свабодны? Ці што?»

Крук: «Вельмі слушнае пытаньне. Яшчэ ў 2011 годзе былі прагнозы, што Нацбанк будзе стрымліваць аслабленьне беларускага рубля. Звычайна, калі Нацыянальны банк пераходзіць да рынкавага курсу рубля, ён бярэ на сябе абавязкі падтрымліваць пэўны ўзровень інфляцыі ці нешта іншае. Але ў нас абменны курс рубля адыгрывае тую ж ролю, як і ў ранейшыя гады.

Цяпер Нацбанк стаў закладнікам настрояў насельніцтва, якое фармуе свае інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканьні на падставе дынамікі курсу рубля. Таму Нацбанк імкнецца захаваць яго стабільнасьць. Але гэта, у сваю чаргу, запавольвае адаптацыю эканомікі, экспартэраў да тэндэнцыяў на зьнешніх рынках».
Нацбанк цалкам рынкавымі мэтадамі здольны ўсталёўваць любы курс

Чалы: «У пэўнай ступені абменны курс свабодны. Іншая справа, што на беларускай валютна-фондавай біржы, дзе вызначаецца курс, абароты самога Нацбанку займаюць вялікую долю. Таму Нацбанк цалкам рынкавымі мэтадамі здольны ўсталёўваць любы курс.

Мінулым годам курс стаяў таму, што захоўваліся звышвысокія працэнтныя стаўкі, а гэта забясьпечвала значныя банкаўскія ўклады ў рублях. Хачу зьвярнуць увагу, што з восені 2011 году міжбанкаўскі рынак афіцыйна зачынены. Усе зьдзелкі праходзяць толькі праз валютна-фондавую біржу. Кіраўніца Нацбанку Ермакова нядаўна прагаварылася, што яны баяцца яго адкрываць. Бо на міжбанкаўскім рынку адхіленьне ад афіцыйнага курсу можа скласьці больш за 2%. А гэта можа лічыцца як наяўнасьць двух абменных курсаў. Таму без удзелу Нацбанку курс рубля быў бы ніжэйшы».


Якія пэрспэктывы беларускага рубля?


Карбалевіч: «Што маем сёньня? Золатавалютныя рэзэрвы хоць павольна, але скарачаюцца, нягледзячы на некаторыя хітрыкі Нацбанку. Расьце дэфіцыт замежнагандлёвага балянсу. Расейскі рубель слабее. Вялікія складзкія запасы. Усе гэтыя чыньнікі падштурхоўваюць да дэвальвацыі ці, дакладней, аслабленьня беларускага рубля. Але віцэ-прэм’ер Пётар Пракаповіч упэўнівае, што нічога падобнага ня будзе. Бо Нацбанк мае дастаткова рэсурсаў, каб утрымаць абменны курс. Якія вашыя прагнозы?»
Дэвальвацыя беларускга рубля ў межах 10% непазьбежная

Крук: «Нацбанк будзе максымальна стрымліваць аслабленьне рубля. Аднак, з улікам аслабленьня расейскага рубля, дэвальвацыя беларускга рубля ў межах 10% непазьбежная. А дэфіцыт бягучага рахунку ўлады будуць закрываць за кошт новых замежных крэдытаў і памнажэньня вонкавага доўгу».

Чалы: «Для эканомікі было б карысна расьцягнутае ў часе аслабленьне беларускага рубля. Але Нацбанк баіцца, і цалкам справядліва, што гэта прывядзе да панічных настрояў сярод насельніцтва. Таму да канца году аслабленьне рубля складзе 10–15% ад цяперашняга ўзроўню. І гэта прыкладна супадае з высновай МВФ наконт таго, наколькі абменны курс рубля завышаны адносна свайго раўнаважнага значэньня. Сапраўды, як казаў Пракаповіч, рэзэрваў пакуль хапае. Калі ня хопіць, то возьмуць новыя замежныя крэдыты альбо прададуць нейкі важны актыў.

Усе станоўчыя дасягненьні ад пераходу на рынкавы абменны курс ужо дасягнутыя. Нэгатыўны чыньнік — падзеньне ўсясьветных цэнаў на золата. Бо частку золатавалютных рэзэрваў Нацбанк захоўвае ў золаце (30 тон)».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG