Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Свабода і дэмакратыя могуць стаць ворагамі»


Жанчына-прыхільніца Мухамада Мурсі перад калючым дротам, за якім стаць эгіпэцкія вайскоўцы

Жанчына-прыхільніца Мухамада Мурсі перад калючым дротам, за якім стаць эгіпэцкія вайскоўцы

Друк усяго сьвету працягвае абмяркоўваць падзеі ў Эгіпце. Суадносіны дэмакратыі і свабоды, значэньне зьмены ўлады ў Эгіпце для рэгіёну, пэрспэктывы палітычнага працэсу ў краіне — сярод тэмаў камэнтароў.

Друк усяго сьвету працягвае абмяркоўваць падзеі ў Эгіпце. Суадносіны дэмакратыі і свабоды, значэньне зьмены ўлады ў Эгіпце для рэгіёну, пэрспэктывы палітычнага працэсу ў краіне — сярод тэмаў камэнтароў.



The Financial Times, Вялікабрытанія

Свабода і дэмакратыя могуць стаць ворагамі


Словы свабода і дэмакратыя здаюцца трывала зьвязанымі ў адзінае цэлае: як джын з тонікам і Рамэа з Джульетай. Заходнія палітыкі ў сваіх выступах зрабілі гэтыя словы амаль раўназначнымі і ўзаемазамяняльнымі.

Аднак бягучыя палітычныя ўзрушэньні ў Эгіпце паказваюць, што свабода і дэмакратыя гэта не заўсёды адно і тое ж. Часам яны могуць рабіцца ворагамі. Эгіпэцкія лібэралы, якія падтрымалі ваенны пераварот супраць прэзыдэнта Мурсі, апраўдваюць свае дзеяньні тым, што на іх погляд, урад «Братоў-мусульман» хоць і зьяўляецца абраным, але ставіць пад пагрозу асноўныя свабоды.

Сапраўды, чэргі па бэнзін, рост коштаў на прадукты харчаваньня і адчуваньне дэфіцыту бясьпекі ў Эгіпце сталі важнымі фактарамі, якія прымусілі выйсьці на вуліцы мільёны дэманстрантаў, якія выступаюць супраць Мурсі.

Але дакладна і тое, што ключавыя члены лібэральнага руху Эгіпту з энтузіязмам падтрымалі выгнаньне дэмакратычна абранага ўраду. Лібэралы сьцьвярджалі, што Мурсі са сваімі «братамі» жалезным катком ціснуў на суды, запалохваў сродкі масавай інфармацыі, ня здолеў абараніць правы жанчын і меншасьцяў, а таксама пачаў ўводзіць элемэнты ісламізму ў жыцьцё грамадзтва, абяцаючы, што іх будзе яшчэ больш. Людзі пачалі баяцца, што тыя самыя дэмакратычныя свабоды, якія далі «Братам-мусульманам» шанец прыйсьці да ўлады, не будуць гарантаваныя пад уладай партыі, якая верыць у тое, што яна атрымлівае ўказаньні і ўладу ад Бога, але не ад выбаршчыкаў.

Праблемы Эгіпту не ўнікальныя. У Турэччыне сьвецкія лібэралы ладзяць дэманстрацыі супраць урада Рэджэпа Эрдагана і яго Партыі справядлівасьці і разьвіцьця. У адрозьненьне ад «Братоў-мусульман», Эрдаган можа прадэманстраваць эканамічныя посьпехі, дасягнутыя пры яго кіраваньні. Тым не менш, некаторыя скаргі стамбульскіх дэманстрантаў вельмі падобныя на тыя, якія можна пачуць у Каіры. Яны абвінавачваюць турэцкі ўрад у падрыве грамадзянскіх свабодаў, у паслабленьні судоў, у запалохваньні журналістаў і ў падтрымцы паўзучай ісламізацыі, якая будзе пагражаць свабодам нерэлігійных туркаў — няхай гэта іх права піць піва або «нясьціпла» апранацца.

Падобна на тое, што збольшага праблемы ў Расеі, Тайландзе, Турэччыне і Эгіпце палягаюць ў наяўнасьці шырокай прорвы паміж масай насельніцтва і даволі заможнай і адукаванай гарадзкой элітай, якой не хапае галасоў па краіне — хоць у выпадку з Расіяй былі некаторыя падтасоўкі на выбарах. Прыйшоўшы да ўлады, абраны папуліст з аўтарытарнымі схільнасьцямі, такі як прэзыдэнт Уладзімір Пуцін ці Эрдаган, можа пачаць наступ на свабоды, дарагія сэрцу гарадзкіх сярэдніх клясаў, і ў той жа час выступаць з заклікамі да «сапраўднага» народу, які жыве ў невялікіх мястэчках і у вёсках.

Праціўнік Мухамада Мурсі

Праціўнік Мухамада Мурсі

Такія дзеяньні падрываюць агульную заходнюю тэорыю аб тым, што базай для ўсіх іншых свабодаў зьяўляюцца выбары. На самай справе, гісторыя самога Захаду сьведчыць аб тым, што выбары могуць быць апошняй заваяванай свабодай — але не першай.

У Брытаніі павага да незалежнасьці судоў і да свабоды друку сфармавалася ў асноўным да ХVІІІ стагодзьдзя. Але гарантаванае права голасу ўсе мужчыны і жанчыны старэйшыя за 21 год атрымалі толькі ў 1928 годзе.

Эгіпэцкія лібэралы перажываюць наступствы дэмакратыі мас у грамадзтве, дзе каля 40% электарату непісьменныя. З улікам таго ўплыву, якім там карыстаюцца мячэці і рэлігійныя тэлеканалы, эгіпэцкая бядота будзе і далей галасаваць за ісламісцкія партыі, калі ў яе будзе такі шанец.

Але хоць падзеі ў Эгіпце паказваюць на тое, што дэмакратыя ў некаторых выпадках можа аслабляць дарагія нашаму сэрцу свабоды, каірскія дэманстрацыі таксама паказваюць, што правесьці «лібэральны пераварот» немагчыма. Калі ты зрынаеш абраны ўрад, ты ўжо замяшаны ў рэпрэсіях. А рэпрэсіі вядуць да цэнзуры, да арыштаў палітычных апанэнтаў, а часам і да страляніны па людзях на вуліцах. Дэмакратыя і свабода гэта не адно і тое ж. Але калі зрынуць дэмакратыю, наступствы будуць аднолькавыя і вельмі сумныя.



Washington Post, ЗША

Час, каб вырвацца з каляіны ў Эгіпце



Злучаныя Штаты ў цэлым — вялікая сіла для прасоўваньня дэмакратыі ва ўсім сьвеце. Але ніхто не павінен зьдзіўляцца таму, што прэзыдэнт Абама «з разуменьнем» паставіўся да ваеннага перавароту на мінулым тыдні ў Эгіпце. Амэрыканская падтрымка дэмакратыі ніколі не была пасьлядоўнай. Злучаныя Штаты падтрымлівалі многіх «дружалюбных» дыктатараў у ХХ-м стагодзьдзі і нават скідалі дэмакратычна абраныя урады або спрыялі пераваротам супраць іх — як Эйзэнхаўэр зрабіў у выпадку Масадыка ў Іране і Арбэнса ў Гватэмале, і як Ніксан зрабіў у выпадку Альендэ у Чылі.

Мурсі быў не толькі некампэтэнтным кіраўніком, але і шмат у чым недэмакратычным лідэрам. Ён увёў абмежаваньні на сродкі масавай інфармацыі і выключыў апазыцыю з працэсу прыняцьця важных канстытуцыйных рашэньняў. Ён кіраваў не столькі як дыктатар, колькі як мажарытарый, што часьцяком адно і тое ж. Мурсі ня здолеў стварыць сыстэму кампрамісаў, адкрытасьці, стрымак і процівагаў. Ён быў поўнай супрацьлегласьцю Нэльсану Мандэлу.

За сваю некампэтэнтнасьць ён заслугоўваў таго, каб супраць яго прагаласавалі на наступных выбарах. Але хіба ваенны пераварот, які адбыўся — гэта лепшы адказ? Добрай навіной зьяўляецца тое, што не стала кепскага лідэра. Але гэта адзіная добрая навіна.

Вайскоўцы, маючы двух эгіпецкіх лідэраў, эфэктыўна зрынутых за апошнія 2.5 гады, трывала зарэкамэндавала сябе ў якасьці адзінай рэальнай улады у краіне. Хто жыве зь мяча, той памрэ ад мяча: калі ваенныя могуць скінуць адзін дэмакратычна абраны ўрад, яны могуць зрынуць іншы. Дык хто ж будзе валодаць рэальнай уладай, калі прыйдзе наступны крызіс?

Прыхільнікі Мухамада Мурсі

Прыхільнікі Мухамада Мурсі

А наступны крызіс цалкам прадказальны. Эканамічныя праблемы, успадкаваныя Мурсі, якія ён ня здолеў вырашыць, патрабуюць значных ахвяраў ад эгіпцян, якія ўжо ахвяравалі многім. Патрэбныя рэформы цяжка рэалізаваць нават у спакойнай палітычнай абстаноўцы, а пасьля перавароту ніякага спакою ня будзе. Прынамсі некаторая частка зь мільёнаў тых, хто галасаваў за Мурсі, напэўна, зробіць дзьве высновы: па-першае, што дэмакратыя зьяўляецца фіктыўнай, і, па-другое, што ў Эгіпце мае значэньне той, хто мае зброю. Некаторыя пасьлядоўнікі Братоў-мусульманаў цалкам могуць вырашыць, што гвалт зьяўляецца для іх лепшым і адзіным выхадам. І вайскоўцы, у сваю чаргу, могуць ўвесьці больш жорсткія абмежаваньні на грамадзянскія свабоды для барацьбы з гвалтам. Яны могуць нават паспрабаваць адхіліць Братэрства ад удзелу ў наступных выбарах. Урэшце, скінуўшы мусульманскі ўрад, вайскоўцы ня могуць ня думаць, што ня мае сэнсу дазволіць паўстаць можа нават больш жорсткаму мусульманскаму ўраду праз 6 месяцаў.

У чацьвер, калі ваенныя арыштавалі дзясяткі лідэраў Братэрства, лідэр лібэралаў эль-Барадэі заявіў, што будзе першы «крычаць гучна і выразна, калі ўбачыць прыкметы здушэньня дэмакратыі.» Можна толькі гадаць, калі ён вырашыць убачыць гэта, і што адбудзецца зь ім, калі ён калі-небудзь сапраўды пачыне крычаць.



«Maariv», Ізраіль

Апэрацыя «тоўсты ёлупень» і эгіпэцкая дэмакратыя



У 1950 году пачалася апэрацыя ЦРУ пад назвай «Праект FF» (Fat Fucker) — у далікатным перакладзе «тоўсты ёлупень». Амэрыканцам надакучыў эгіпэцкі кароль Фарук. Карумпаванасьць караля і няздатнасьць яго ўраду сталі прычынай таго, што амэрыканцы захацелі зьмяніць уладу ў гэтай краіне. Амэрыканцы таемна падтрымалі змову маладых афіцэраў, якую ўзначальваў Гамаль Абдэль Насэр.

Тысячы людзей пратэстуюць у Каіры супраць Мухамада Мурсі

Тысячы людзей пратэстуюць у Каіры супраць Мухамада Мурсі

23 Ліпеня 1952 г. кароль Фарук, вядомы аматар жанчын і азартных гульняў, быў скінуты з эгіпецкага пасаду. На сваё шчасьце, у адрозьненьні ад яго ірацкага калегі, караля Фэйсала, які быў расстраляны бунтаўнікамі, эгіпэцкі манарх адправіўся ў спасылку на францускую Рыўеру, дзе вёў шыкоўны і марнатраўны лад жыцьця.

Новы кіраўнік Эгіпту генэрал Мухамэд Наджыб таксама кіраваў нядоўга. Насэр абвінаваціў яго ў сымпатыях да Братоў-мусульманаў і ў дыктатарскіх замашках. У лютым 1954 Наджыбам быў адхілены ад улады. З тых часоў, у той ці іншай форме, Эгіптам кіруе армія. Усе з заміраньнем сэрца і надзеяй назіраюць за цяперашняй эгіпэцкай рэвалюцыйнай драмай ў двух актах. І пры гэтым ігнаруюць гістарычны вопыт, эканамічныя і культурныя традыцыі гэтай краіны. Карл Маркс цалкам справядліва баяўся рэвалюцыі ў Расеі, разумеючы «генэтычны код» гэтай нацыі, яе культурныя і эканамічныя традыцыі. Ён быў абсалютна мае рацыю.

Улада ў Эгіпце заўсёды, на працягу ўсіх гістарычных эпох, ўяўляла сабой тыранію. Хуткі пераход ад дыктатуры да дэмакратыі быў пазбаўлены якога-небудзь шанцу. Партрэты Мубарака зьмянілі плякаты зь іншым малюнкам. Цяпер іх зьменяць новыя партрэты. Заходнія ўрады, спэцслужбы, тэлеаглядальнікі ізноў робяць выгляд, што зьдзіўленыя — чаму мы не змаглі прадбачыць гэты гістарычны паварот?

Зноў гучаць прагнозы, прадказаньні, якія не вартыя выедзенага яйка. Павярхоўныя тлумачэньні аб тым, што ў Эгіпце нібыта ідзе барацьба паміж рэлігійнымі і сэкулярнымі сіламі, пазбаўленыя ўсякай лёгікі.

У нашым рэгіёне няма лібэральнага, атэістычнага сэкулярызму. Усявышні ўвесь час прысутнічае тут. І, калі быць шчырым да канца, сапраўднай дэмакратыі тут таксама ніколі не назіралася. Дэмакратычных лідэраў мяняюць на выбарчых участках, а не з дапамогай арміі, якая на працягу 60 гадоў зьяўлялася стрыжнем эгіпэцкай улады. Такой яна застаецца і сёньня.



Star gazete, Турэччына

Спыніць іслам



Факт ваеннага перавароту ў Эгіпце настолькі відавочны, што ён не пакідае падставы для дыскусій. Першы дэмакратычна абраны прэзыдэнт краіны, якая налічвае некалькі тысячагодзьдзяў гісторыі, ўсяго праз год пасьля яго абраньня быў скінуты сіламі эгіпэцкай арміі з дапамогай унутраных і зьнешніх саўдзельнікаў. Путчысты прыпынілі дзеяньне Канстытуцыі, сілай зброі зьмянілі ўладу, шмат хто быў арыштаваны, дзясяткі загінулі.

На самай справе ў Эгіпце адбылося ўсё тое, чаго дамагаюцца ў Турцыі.

Чалавек, які пацярпеў у сутычках паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Мухамада Мурсі

Чалавек, які пацярпеў у сутычках паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Мухамада Мурсі

Характэрна, што заходняму сьвету цяжка публічна назваць пераварот у Эгіпце «пераваротам». Мы ня чулі асуджэньняў або рэзкай крытыкі. Асабліва ўзорным было бязмоўе ЗША. Шмат разоў выказваючы неспакой пра падзеі ў парку на плошчы Таксім, улады ЗША захоўвалі маўчаньне, нават калі ў Эгіпце быў адкрыты вагонь па пратэстоўцах. Заклік Абамы да эгіпэцкіх генэралаў: «Як мага хутчэй аднавіце дэмакратычную форму кіраваньня», — наводзіць на пэўныя разважаньні. Зрабіўшы такую перасьцярогу, ЗША фактычна прызналі ваенны пераварот і прызналі, што справа па ўзнаўленьні дэмакратыі цяпер за вайскоўцамі.

Некаторыя ня могуць зразумець спакою з боку Захаду. Аднак прычына простая: для яго прыярытэт на Блізкім Усходзе — не дэмакратыя, а ўласныя інтарэсы. Асноўны зь іх — спыніць іслам, гэта значыць адхіліць ісламісцкія плыні ад улады.

Як мы ўжо неаднаразова адзначалі, сёньня ў рэгіёне вядзецца гульня, якую можна ахарактарызаваць як грамадзянскую вайну «Вялікага Блізкага Усходу». Гэта погляд Захаду на рэгіён, уключаючы Турэччыну. Пасьля халоднай вайны і асабліва пасьля тэрактаў 11 верасьня дэмакратычнае разьвіцьцё, якое не арыентуецца на Захад, Захад разглядае як пагрозу самому сабе. Пры гэтым, будучы ня ў сілах зь ёй справіцца, Захад лічыць унікальным сродкам менавіта грамадзянскую вайну.

Па гэтай прычыне Захад ня ўстрымліваецца нават ад здрады каштоўнасьцям. Намаганьні, накіраваныя на тое, каб спыніць іслам, робяць прывабнымі для Захаду ідэю ваеннага перавароту, ігнараваньне правоў чалавека і разгром дэмакратыі.

На Турэччыну кладзецца вялікая адказнасьць за тое, каб парушыць гэтую гульню. З аднаго боку, Турэччына павінна прадэманстраваць сьвету талерантны, зьвернуты да ўсяго чалавецтва, сумяшчальнs з дэмакратыяй твар ісламу, з другога — абараняцца ад магчымых нападаў і падбухторваньняў з боку Захаду.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу Радыё Свабода выкарыстоўвала пераклады парталу Inosmi.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG