Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эгіпэт: дэманстрацыі, выбары і амэрыканская дапамога


Прыхільніца Мухамада Мурсі ўдзельнічае ў акцыі пратэсту
Прыхільніца Мухамада Мурсі ўдзельнічае ў акцыі пратэсту

У Эгіпце рух «Браты-мусульмане» адпрэчылі указ пра новыя выбары выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта краіны Адлі Мансура.

Намесьнік старшыні «Партыі свабоды і справядлівасьці», якая зьяўляецца палітычным крылом руху, Эссам Аль-Эрыян заявіў, што гэты плян верне краіну ў мінуўшчыну.

Падпісаны напярэдадні Мансурам дакумэнт прадугледжвае скліканьне на працягу двух тыдняў Канстытуцыйнай асамблеі, якая зоймецца падрыхтоўкай зьменаў у Канстытуцыю краіны. Згодна з указам, у лютым наступнага году ў Эгіпце павінны адбыцца парлямэнцкія выбары, пасьля чаго будзе абвешчана аб прэзыдэнцкіх выбарах.

Учора ў Каіры ў сутыкненьнях ля ваенных казармаў, дзе, як мяркуецца, знаходзіцца пад вартай зрынуты прэзыдэнт Мурсі, загінулі прынамсі 50 яго прыхільнікаў. Ісламісты абвінавацілі ў іх гібелі узброеныя сілы краіны. Войска сьцьвярджае, што яны былі забітыя нейкімі «ўзброенымі тэрарыстамі».

Сёньня прыхільнікі Мурсі працягваюць праводзіць дэманстрацыі. Рух «Браты-мусульмане» заявіў, што ў краіне праходзіць пахаваньне загіблых ва ўчорашніх сутыкненьнях у Каіры.

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун асудзіў апошнія акты гвалту ў Каіры і заклікаў да незалежнага расьсьледаваньня таго, што адбылося.

Злучаныя Штаты ня маюць намеру спыняць аказаньне фінансавай дапамогі Эгіпту, прынамсі да таго часу, пакуль адміністрацыя Барака Абамы ня вызначыць, ці зьяўляецца «пераваротам» скіданьне эгіпэцкімі ваеннымі дэмакратычна абранага прэзыдэнта краіны Мухамада Мурсі. Пра гэта заявіў у прэсавы сакратар Белага дома Джэй Кэрні.

Паводле яго слоў, адміністрацыя Абамы, кансультуючыся з Кангрэсам, працягне аналізаваць ўмовы пагадненьня аб прадастаўленьні амэрыканскай дапамогі Эгіпту.

Згодна з амэрыканскім заканадаўствам, дапамогу ад Злучаных Штатаў ня могуць атрымліваць замежныя ўрады, якія прыйшлі да ўлады шляхам ваеннага перавароту. Тым ня менш, некаторыя ўплывовыя заканадаўцы, напрыклад, сьпікер палаты прадстаўнікоў Джон Бэйнэр і сэнатар Цім Кэйн, настойваюць на тым, што працяг аказаньня дапамогі Эгіпту можа адыграць станоўчую ролю ва ўрэгуляваньні ўнутранай сытуацыі ў гэтай краіне. Сэнатары Джон Маккейн і Карл Левін, наадварот, заклікаюць прыпыніць дапамогу Эгіпту да таго часу, пакуль краіна ня зробіць крокі да аднаўленьня дэмакратыі.

Дапамога Злучаных Штатаў Эгіпту складае 1 мільярд 560 мільёнаў даляраў у год, і ў асноўным ідзе на падтрымку эгіпэцкай арміі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG