Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месца Уты Цапф можа заняць Хрысьціян Хольм

абноўлена

Віктар Гумінскі
Віктар Гумінскі

Старшыня беларускай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Віктар Гумінскі паведаміў, што дэпутат са Швэцыі Хрысьціян Хольм можа стаць пераемнікам Уты Цапф на пасадзе старшыні спэцыяльнай рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Пра свой будучы сыход з пасады кіраўніцы групы Ута Цапф заявіла нашаму радыё яшчэ 5 сакавіка. Сёньня спадар Гумінскі паведаміў, што свае словы Ута Цапф афіцыйна пацьвердзіла на пленарным паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі ў Стамбуле. Яна ня будзе балятавацца на восеньскіх выбарах у Бундэстаг, а значыць, аўтаматычна страчвае права на сяброўства ў Парлямэнцкай асамблеі. У Стамбуле, дарэчы, спадарыня Цапф, як і ў размове са Свабодай, прызналася: задачы, якія стаялі перад яе групай, ня выкананыя.

Паводле прагнозаў Віктара Гумінскага, ачоліць групу можа яе цяперашні сябра, дэпутат са Швэцыі Хрысьціян Хольм. Аднак гэтая кандыдатура не найлепшая, лічыць намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў:

«Яго ня ўсе падтрымліваюць. Больш за тое, ён зьдзівіў нас усіх тым, што, не пабаюся гэтага слова, падмануў калег па трэцяму камітэту Парлямэнцкай асамблеі, калі заявіў, што знаходзіцца ў сьпісе неўязных у Беларусь. Мы цягам адной гадзіны зьвязаліся з МЗС Беларусі і высьветлілі, што ў сьпісах неўязных ён ня значыўся і ня значыцца».

Беларускі палітоляг Алесь Лагвінец асабіста ведае спадара Хольма і лічыць яго вельмі прыстойным чалавекам:

«Гэта — пазытыўная навіна. Ён абазнаны ў беларускіх справах. Калі я не памыляюся, ён ачольвае і беларукую групу ў парлямэнце Швэцыі. Гэты чалавек доўгі час цікавіцца Беларусьсю, прыяжджаў у Беларусь. Ён мае сталыя сувязі зь беларускімі грамадзянскімі і палітычнымі актывістамі. Добра, што ў Эўрапейскім Зьвязе, у Швэцыі ёсьць такія людзі, як Хрысьціян Хольм, які так ставіцца да Беларусі».

У сваім разгорнутым адказе на пытаньне Свабоды Віктар Гумінскі выказаў думку, што для існаваньня рабочай групы па Беларусі ў парлямэнцкай асамблеі АБСЭ «больш няма абсалютна ніякай глебы і неабходнасьці». З такой думкай нязгодны старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак:

«Вядома, беларускія праблемы нікуды ня дзеліся. Яны засталіся. І ў гэтым сэнсе працаваць і мець адмысловы фокус на нашу краіну міжнародным арганізацыям трэба. І гэта тычыцца ў тым ліку і ПА АБСЭ, і іншых структур.

Вельмі добра, што ёсьць адмысловая група. Іншае пытаньне: чым гэта група займаецца і якая яе стратэгія? Вось гэта вялікае пытаньне. Пытаньні засталіся. На сёньняшні дзень яны ня вырашаныя. А вырашаць іх трэба».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG