Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка рэфармуе мэдвыцьвярэзьнікі


П'яны сьпіцьна траўніку ў Менску

П'яны сьпіцьна траўніку ў Менску

Яны стануць «спэцыялізаванымі ізалятарамі».

У Беларусі рэарганізуюць цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і мэдвыцьвярэзьнікі. Адпаведны ўказ № 307 «Аб пытаньнях удасканаленьня дзейнасьці органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь» падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе ягоная прэс-служба.

Указам прадугледжана рэарганізацыя цэнтраў ізаляцыі правапарушальнікаў і мэдычных выцьвярэзнікаў і пераўтварэньне іх у структурныя падраздзяленьні органаў унутраных спраў.

«Мэдычныя выцьвярэзьнікі перайменаваныя ў спэцыялізаваныя ізалятары ў мэтах ліквідацыі нэгатыўнага ўспрыманьня назвы. Вызначаны катэгорыі асобаў, якія могуць зьмяшчацца ў гэтыя падраздзяленьні, парадак пакрыцьця імі выдаткаў на харчаваньне і ўтрыманьне, статус мэдычных работнікаў, якія знаходзяцца ў штаце гэтых падраздзяленьняў», — паведамляе прэсавая служба Лукашэнкі.

У розных краінах існуе розная практыка дапамогі п’яным асобам.

У Расеі апошні выцьвярэзьнік быў зачынены ў 2011 годзе. Функцыі выцьверазеньня грамадзян былі перададзеныя ад МУС мэдычным установам. З тых часоў п’яных паліцыянты павінны адпраўляць у звычайныя шпіталі. Юрысты адзначалі, што палажэньне аб выцьвярэзьніках супярэчыць заканадаўству — нікога нельга без санкцыі суда пазбаўляць волі. Зь іншага боку, самі грамадзяне, хай нават і п’яныя, маюць поўнае права адмовіцца ад мэдычнай дапамогі. Аднак за два гады новаўвядзеньняў і мэдыкі, і ўлады прыйшлі да высновы, што ранейшая сыстэма мела шэраг істотных пераваг. Цяпер патрулям даводзіцца ўступаць у спрэчку з работнікамі шпіталяў з-за кожнага прывезенага імі нецьвярозага, даводзілася і cамім лекарам адшукваць месцы для разьмяшчэньня «няпрофільных» пацыентаў. У выніку было вырашана адрадзіць практыку выцьвярэзьнікаў, папярэдне апрабаваўшы яе ў шэрагу рэгіёнаў. Адным з першых рэгіёнаў Расеі, дзе будзе апрабаваны праект, стане Удмуртыя.

Ва Ўкраіне выцьвярэзьнікі зачынілі ў 2000 годзе, а адрадзілі рашэньнем Вярхоўнай Рады ў 2011 годзе. Паводле новага закону шпіталі павінны абсталяваць выцьвярэзьнікі, а міліцыя абавязаная дастаўляць туды людзей у стане ап’яненьня. У тлумачальнай запісцы да законапраекту адзначалася, што пасьля адмены ў пачатку 2000 года функцыянаваньня выцьвярэзьнікаў заставалася нявырашаным пытаньне першай дапамогі асобам, якія знаходзяцца ў стане алькагольнага або наркатычнага ап’яненьня.

У Літве выцьвярэзьнікі былі зачыненыя напярэдадні ўступленьня краіны ў Эўразьвяз як інстытуты пазасудовай ізаляцыі грамадзянаў. У 2007 годзе мэдыкі Каўнаса выступілі зь ініцыятывай адрадзіць выцьвярэзьнікі. Паводле дзеючага парадку, грамадзян з вуліц для выцьверазеньня дастаўляюць у шпіталі. «П’яныя наводзяць страх на пацыентаў. П’яныя шумяць, брыдкасловяць, ламаюць мэблю, а, адаспаўшыся, зьнікаюць, не заплаціўшы за прадстаўленыя паслугі», — казаў галоўны ўрач Ковенскага павятовага шпіталя.

У ЗША ў большасьці штатаў паліцыя ня мае права затрымліваць асоб у нецьвярозым стане, калі яны не парушаюць закону, бо гэта лічыцца парушэньнем правоў чалавека. У паўночных штатах зімой гіне або атрымлівае абмаражэньне значная колькасьць людзей.

У Канадзе дзейнічае служба «Чырвоны нос», якая дастаўляе людзей нападпітку да месца іх пражываньня, беручы пры гэтым плату. Калі ж кліент знаходзіцца ў стадыі глыбокага ап’яненьня, яго дастаўляюць у шпіталь. Падобная служба дзейнічае і ў Швэцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG