Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будуе ў Менску беларускі Akropolis


Гандлёвы цэнтар «Акропаліс» у Вільні

Гандлёвы цэнтар «Акропаліс» у Вільні

На скрыжаваньні сталічных вуліц Дзянісаўскай і Маякоўскага прадстаўніцтва літоўскай кампаніі Projestos projektai будуе ў Менску беларускі Akropolis.

Вялізны гандлёвы комплекс на 50 тысяч квадратных мэтраў замовіла беларуская гандлёвая сетка «Эўраопт».

Першую чаргу аб’екта на Дзянісаўскай-Маякоўскага плянуюць здаць да 1 красавіка 2014 году — да сусьветнага чэмпіянату па хакеі ў Менску.

«Гэта будзе гандлёвая частка з забаўляльным комплексам, — апавядае Дарыюс Балюкавічус, дырэктар беларускага прадстаўніцтва Projestos projektai. — Будзе прыгожы вялікі гандлёвы цэнтар з падземным паркінгам і часткай надземнага — каля 50 тысяч квадратных мэтраў агульнай плошчай».

Кампанія «Эўраопт» ад камэнтароў наконт новага аб’екта адмовілася. Яе прэс-сакратар Ян Гілевіч паведаміў, што паводле ўнутраных правілаў такая інфармацыя не падаецца.

Дырэктар менскага прадстаўніцтва фірмы Дарыюс Балюкавічус кажа, што працаваць у Беларусі ім падабаецца і гэта ня так цяжка, як падавалася раней. Ёсьць асаблівасьці заканадаўства, ёсьць традыцыі, але калі хочаш працаваць, то бізнэс можна рабіць і тут.

«Ніхто да нас перадузята ня ставіцца, — распавядае Дарыюс. — У нас у Літве немалы досьвед працы менавіта па гандлёвых аб’ектах. У нас праектнае бюро, і будаўніцтвам займаемся. Гады тры таму трапілі ў Беларусь, пачалі праектаваць, удзельнічаць у тэндэрах па будаўніцтве. Пакуль што будуем».

Для кампаніі Projestos projektai менскі аб’ект ужо ня першы ў Беларусі. Зусім нядаўна яны адкрылі гандлёвы комплекс у Рэчыцы.

Пэўную сэнсацыю нарабіла інтэрвію дырэктара літоўскай фірмы, які выказаў думку, што літоўскія рабочыя больш адказныя і лепш падрыхтаваныя за беларускіх. Маўляў, таму на беларускіх будоўлях давялося абраць літоўскі пэрсанал:

«Мы будуем ўжо ня першы аб’ект у Беларусі. Год таму мы пабудавалі аб’ект каля 10 000 кв.м плошчай. Тады былі будаўнікі і літоўскія, і беларускія, але ўсё ж апраўдала сябе літоўская працоўная сіла», — заявіў рэсурсу Delfi Рыціс Канапенас.

Па словах Дарыюса Балюкавічуса, гэта не зусім так. На менскім аб’екце працуюць прыблізна 50% літоўскіх спэцыялістаў і 50% беларускіх. Цяпер на будоўлі занята каля 100 літоўскіх рабочых.
Нам, напэўна, ня трэба было браць беларусаў і на свой капыл іх перавучваць

Каля 80% мэнэджэрскага складу беларускага прадстаўніцтва — беларусы. Раней спрабавалі ўвесьці звыклую для сябе сыстэму кіраваньня. І гэта не атрымалася.

«Нам, напэўна, ня трэба было браць беларусаў і на свой капыл іх перавучваць. Мы вырашылі, што нейкі касьцяк павінен быць нашых правераных субпадрадчыкаў, але мы ўсё адно бярэм і мясцовых спэцыялістаў».

«Стараемся адаптавацца да вашых умоваў. Топ-мэнэджмэнт у нас — літоўцы. Але працуюць і беларускія спэцыялісты. Усё робім разам. Праблемаў вялікіх няма. Усе ж глядзяць на асноўныя моманты — тэрміны, якасьць, цана. Калі гэтыя „кіты бізнэсу“ ручныя, то можна паўсюль, напэўна, працаваць. У вас рынак разьвіваецца, і мы адчуваем тут патэнцыял і хочам свой досьвед і малады энтузіязм унесьці ў разьвіцьцё камэрцыйнага сэктару ў Беларусі».

Па словах Балюкявічуса, літоўскі бізнэс вельмі пазытыўна глядзіць на Беларусь. Нягледзячы на тое, што касьцяк ягонай каманды — людзі маладыя, беларуская бюракратыя яго не палохае:
Вы едзеце да нас купляць, а мы едзем у Польшчу купляць. Я спакойна на гэта гляджу

«Дый у нас хапае бюракратыі — кажа Дарыюс. — Далёка ня трэба хадзіць. Трэба добра рыхтавацца і разумець, колькі часу гэта зойме».

Літоўцы будуюць у Беларусі гандлёвыя цэнтры — такія самыя, у якія беларусы ўжо звыкла выпраўляюцца на шопінг у выходныя, запаўняючы аўтобусы і цягнікі Менск — Вільня — Менск. Дарыюс кажа, што на гэты працэс ён паўплываць ня можа.

«Крыўдна, вядома, але я ўпэўнены, што гэта ў вас часова, таму што патрошку гэта ўрэгулюецца. Я разумею, што ёсьць усялякія фактары, але ня сёньня, ня заўтра, але на наступны год, яшчэ праз год гэта збалянсуецца. Вашы разумныя галовы зробяць нейкія крокі, каб спыніць гэтую міграцыю. Але такая сытуацыя заўжды складаецца, калі рынак дывэрсыфікуецца. Вось мы едзем да вас працаваць, беларусы едуць у Расею працаваць. Вы едзеце да нас купляць, а мы едзем у Польшчу купляць. Я спакойна на гэта гляджу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG