Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рак грудзей, на які 73-гадовая Лэці Пагрэбін захварэла 4 гады таму, зрабіў для яе зразумелым тое, як павінен сябе паводзіць добры сябра хворага. Пра яе досьвед апавядае блог «Здароўе» на сайце The New York Times.

Некаторыя людзі знаходзілі правільны тон, прапануючы любоў і падтрымку без навязьлівасьці. Іншыя псавалі нэрвы, турбуючы яе тады, калі яна хацела пабыць адна.

Спадарыня Пагрэбін – журналістка, аўтар некалькіх кніг. Пра свой досьвед анкалягічнай хваробы яна напісала кнігу «Як быць сябрам хвораму».

У інтэрвію блогу «Здароўе» на NYT яна сказала, што найбольш яе цешыла ўвага сяброў, выказаная ў форме «Як табе лепш – каб я прыйшоў зараз, каб прыйшоў у суботу ці не прыходзіў наагул?» і «Я зьбіраюся прынесьці табе падарунак, дык скажы мне, што ты хочаш».

А найбольш яе абуралі фармальныя пытаньні «Як справы?». «Я адказвала: «Добра» – кажа Лэці Пагрэбін. Тады гучала другое пытаньне: «Ну а як ты на самой справе?» - пытаньне, ў якім ханжаства мяжуе з жалем. Калі ў звычайным жыцьці мы пытаемся: «Як справы?» і чуем ў адказ: «Добра», то гэта нармальна. Але калі задаецца пытаньне «Як справы?» хвораму, трэба разумець, што вы хочаце сказаць і што вы насамрэч хочаце ведаць».

Паводле Лэці Пагрэбін дарэчнае пытаньне «Як ты сябе адчуваеш?», на якое можа прагучаць больш шчыры адказ. Ад хворага чалавека можа прагучаць і такое: «Я ў роспачы, я стомленая ад людзей, якія пытаюць мяне, як я, і я хачу, каб маё жыцьцё нармалізавалася».

Калі выбіраць тры рэчы, якія варта казаць хвораму, то гэта: «Скажы мне, што табе трэба, а што не?», «Скажы мне, калі ты хочаш пабыць сама з сабой, а калі хочаш кампаніі?», «Скажы, што табе прынесьці, а што забраць?».

А што нельга казаць хвораму? Нельга пытацца: «Ці гэта сьмяротная хвароба?». Ніколі не пытайцеся: «А як ты думаеш, ад чаго ты захварэла?»

Часам варта сказаць: «Я хачу проста пасядзець побач з табой і ня трэба размаўляць». Такое супольнае маўчаньне можа быць тым, што трэба хвораму.

Часам цяжка знайсьці словы для чалавека, ў якога памёр родны. Гаварыце праўду – раіць Лэці Пагрэбін – скажыце: «Я адчуваю, як табе сумна». Калі вы нешта памятаеце пра памерлага – прыгадайце гэта. Скажыце, што заўсёды будзеце памятаць, як цудоўна муж гэтай жанчыны граў на віялянчэлі, як ягоная ўсьмешка магла асьвяіліць пакой, ці што маці вашага сябра мела выдатны голас. Скажыце такое, каб з вашых словаў было зразумела, што гэты чалавек пакінуў сьлед у вашым жыцьці і жыцьцё, якое толькі што скончылася, было значным для вас.
XS
SM
MD
LG