Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея забараніла ўвоз сьвініны зь Віцебшчыны


Труп сьвіньні паабапал дарогі ля вёскі Чапунь, Івейскага раёну Гарадзенскай вобласьці

Труп сьвіньні паабапал дарогі ля вёскі Чапунь, Івейскага раёну Гарадзенскай вобласьці

Гэта зьвязана з выяўленьнем у Віцебскай вобласьці асяродку афрыканскай чумы сьвіней (АЧС).

Як паведамляе на сваім сайце Россельхознадзор, абмежаваньні тычацца сьвіней, спэрмы кныроў, сьвініны і сырых сьвіных мясапрадуктаў, вырабаў са сьвініны і кармоў для сьвіней.

Акрамя таго, павінна быць прыпыненая сэртыфікацыя для адпраўкі ў Расею прадукцыі са сьвініны, якая вырабляецца з выкарыстаньнем мясной сыравіны зь Віцебскай вобласьці.

Адпаведнае апавяшчэньне накіравана ў дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі.

Раней Россельхознадзор абмежаваў пастаўкі прадукцыі сьвінагадоўлі з Гарадзенскай вобласьці.

Галоўны вэтлекар аддзелу вэтэрынарыі Віцебскага аблвыканкаму Андрэй Яроменка апавёў карэспандэнту Свабоды, што пастаўкі сьвініны з вобласьці ў Расею спыненыя яшчэ ад 1 ліпеня гэтага году і што гэта была ініцыятыва беларускага боку:

«Так, мы абмяжоўваем, усе мерапрыемствы праводзяцца згодна з заканадаўствам. У нас жа вызначаны асяродак — гэта сьвінакомплекс „Лучоса“. І ад яго ўсё танцуе, усё згодна зь літарай закону. Вызначаны асяродак, небясьпечны пункт, першая і другая зоны пагрозы. Першая зона пагрозы — гэта 10 кілямэтраў ад асяродку. Мы ж змагаемся, каб гэта не пайшло далей».
XS
SM
MD
LG