Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая антыамэрыканская вось?


Прэм'ер Дзяржаўнай Рады Кітаю Вэнь Цзябао і прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы ў Маскве ў 2012 годзе.

Прэм'ер Дзяржаўнай Рады Кітаю Вэнь Цзябао і прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы ў Маскве ў 2012 годзе.

Справа Сноўдэна стала праявай новага расейска-кітайскага альянсу, скіраванага супраць Злучаных Штатаў.

Такое меркаваньне выказваюць у The New York Times вядомыя амэрыканскія палітолягі Лэслі Гелб і Дзьмітры Саймс.

Палёт Эдварда Сноўдэна з Ганконгу ў Маскву быў бы немагчымым без супрацоўніцтва паміж Расеяй і Кітаем. Паводзіны дзьвюх краін ў справе Сноўдэна дэманструюць узмацненьне іх упэўненасьці ў сябе і гатоўнасьць мацаваць свае пазыцыі за кошт Амэрыкі.

РФ і КНР на працягу двух гадоў паралізавалі Раду бясьпекі ААН, прадухіляючы магчымасьць рашучых дзеяньняў адносна Сірыі. Атакі кітайскіх хакераў на сайты амэрыканскіх кампаній і расейскія кібэратакі супраць яе суседзяў выклікаюць занепакоенасьць у Вашынгтоне.

Хаця Масква і Пэкін у цэлым падтрымалі міжнародныя высілкі па спыненьні ядзернай праграмы Ірану, яны не гатовыя ісьці ў гэтым пытаньні так далёка, як Вашынгтон, і крокі насустрач ім пагражаюць бясьпецы і энэргетычным інтарэсам ЗША. Нарэшце, знаходзячы новыя кропкі супрацоўніцтва, Кітай ладзіць з Расеяй буйныя сумесныя ваенна-марскія вучэньні.

Расея і Кітай вырашылі, што яны найлепш дасягнуць сваіх мэтаў, даючы ЗША пстрычку па носе. Ніхто ня хоча аднаўленьня «халоднай вайны» і тым больш канфліктаў, і іх дзеяньні ў справе Сноўдэна гэта дэманструюць. Кітай дазволіў яму быць у Ганконгу, але мякка параіў падарожнічаць далей, Расеяй пасьля пэўнага этапу правакацыйнай рыторыкі, зьмякчыла тон.

Тым ня менш абедзьве дзяржавы мяркуюць, што яны могуць набыць большую дыпляматычную вагу, толькі шляхам памяншэньня такой вагі ЗША.

Гэты новы падыход заснаваны на адчуваньні павялічэньня іх моцы адносна ЗША, а таксама на абвастрэньні супярэчнасьцяў паміж імі і Вашынгтонам у такіх пытаньнях, як Сірыя. І Масква, і Пэкін выступаюць супраць міжнароднага ўмяшаньня ва ўнутраныя справы краін, а тым больш супраць скіданьня іх урадаў, як гэта было ў Лібіі ў 2011 годзе. Урэшце гэта можа тычыцца і іх.
Ім здаецца, што канфрантацыя з ЗША не пагражае асаблівымі выдаткамі, а партнэрства з Вашынгтонам не прыносіць асаблівых выгадаў.

Гэта вынікае з двух небясьпечных пастулятаў.

Па-першае, яны мяркуюць, што ЗША перажываюць упадак, чапляюцца за сваіх саюзьнікаў у Эўропе і некаторых частках Азіі, губляючы ўплыў у астатнім сьвеце. Сыход без перамогі з Іраку і Аўганістану стварае ўражаньне, што ваенная перавага Амэрыкі нічога не дае ў сэнсе дасягненьня палітычных мэтаў.

Па другое, многія расейскія і кітайскія эліты лічаць, што задачы зьнешняй палітыкі ЗША супярэчаць іх жыцьцёва важным інтарэсам. Яны разглядаюць палітыку распаўсюду дэмакратыі, як крыжовы паход супраць пэўных урадаў, якія ці варожыя Злучаным Штатам ці занадта моцныя.

Сваю першую замежную паездку новы кітайскі лідэр Сі Цьзіньпін зрабіў у Маскву.

Там ён заявіў свайму калегу Уладзімеру Пуціну, што Пэкін і Масква павінны «рашуча падтрымліваць адзін аднаго ў намаганьнях па абароне нацыянальнага сувэрэнітэту, бясьпекі і інтарэсаў разьвіцьця». Пуцін у адказ заявіў, што «стратэгічнае партнэрства паміж намі мае вялікае значэньне» ў двухбаковым і міжнародным пляне.

Палітыкам у Вашынгтоне варта зьвярнуць увагу на гэтае ўсё больш шчыльнае збліжэньне паміж Расеяй і Кітаем.

Абедзьве краіны маюць шмат супярэчнасьцяў, нельга забываць пра кітайскія тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Цэнтральная Азія зьяўляецца арэнай іх прамой канкурэнцыі. Да таго ж Кітай зьяўляецца растучай звышдзяржавай, а Расея змагаецца, каб застаецца ў вышэйшай лізе сусьветнай палітыкі.

Акрамя таго, РФ і КНР маюць зацікаўленасьць у захаваньні партнэрскіх стасункаў з ЗША і Эўразьвязам. Але ў ЗША не павінны лічыць, што гэта можа спыніць канфрантацыю. Да Першай сусьветнай вайны многія лічылі, што эканамічная ўзаемазалежнасьць і велізарныя выдаткі на вайну робяць яе немагчымай. Напярэдадні Другой сусьветнай вайны два нечаканых саюзьніка — камуністычны СССР і нацысцкая Нямеччына — заключылі дамову, якія каштавала Эўропе мільёны загіблых.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама павінен убачыць у Расеі і Кітаі не ворагаў і не сяброў, а важныя дзяржавы са сваімі інтарэсамі. Першапачаткова ў справе Сноўдэна ён дзейнічаў няўдала, публічна заклікаючы выдаць Сноўдэна. Калі ён зьмякчыў тон публічных заяваў, але стаў дзейнічаць больш жорстка ў закуліснай дыпляматыі, Пэкін і Масква ўбачылі перавагі пазьбяганьня канфрантацыі.

Стасункі з Расеяй і Кітаем заслугоўваюць таго, каб быць прыярытэтнымі, але ЗША не павінны баяцца цьвёрда стаяць на сваім у адных выпадках, але ў іншых супрацоўнічаць з гэтымі аўтарытарнымі, але ўрэшце прагматычнымі дзяржавамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG