Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
En toda España cielo despejado — такім прагнозам надвор’я пацешыла гішпанцаў 18 ліпеня 1936 году радыёстанцыя гораду Сэўта. Прагноз быў доўгатэрміновы — ледзьве не на сорак гадоў наперад. Грамадзянская вайна ў Гішпаніі пачалася з вайсковага путчу, і хаця шмат хто сумняваецца, ці маглі тыя словы сапраўды быць да яго сыгналам — яны прагучалі і засталіся, у адрозьненьне ад асуджанай на паразу Рэспублікі. Па звычцы ўсіх гішпанцаў, яны гучаць амаль што паэзіяй: разам з «Но пасаран» і пасэраванай на патэльні рэвалюцыі Пасіянарыяй. А вось дыктатар Франка асаблівай паэзіі не пакінуў — і сымпатызаваць ягоным праціўнікам можна хаця б з гэтай простай нагоды. Калі іншых няма... Бо, як мы ўсе ведаем, «ня ўсё дрэннае было зьвязанае ў фашысцкай Гішпаніі зь вядомым Франсіска Франка» — і гэта, магчыма, сапраўды так.

Маленькая і крывавая рэпэтыцыя другой сусьветнай: на баку мяцежнікаў Нямеччына і Італія, на баку амаль няіснага ўраду — Савецкі Саюз; заходнія дэмакратыі вагаюцца і адварочваюцца, простыя грамадзяне запісваюцца добраахвотнікамі і едуць у Кастылію і Арагон, у Каталёнію і да баскаў: паміраць, пісаць, жыць — або проста па адрэналін... Такое адчуваньне, што ў ёй, гэтай вайне, удзельнічае ўвесь сьвет. У тым ліку — беларусы: варта згадаць менчука Міколу Сяліцкага, танкіста, які ў тым самым 1936-м загіне пад Сэсэньяй: за што загінуў і што такое інтэрнацыянальны доўг, можна спрачацца доўга... Але тая вайна сапраўды шмат каго зрабіла рамантыкам — у самы нерамантычны савецкі час.

Цікава, што гэтае супрацьстаяньне ў выніку стварыла і яшчэ адзін масток паміж Гішпаніяй і Беларусьсю, цяпер падзабыты, але ў свой час значны ў маштабе амаль што бруклінскім. Улетку 1937 году ў Савецкі Саюз завітала зборная Басконіі па футболе — каб сабраць сродкі для сем’яў загінулых у грамадзянскай вайне баскаў, якія падтрымалі Рэспубліку. Для баскаў-эмігрантаў гэта былі не найлепшыя дні... Прыкладам, ужо па прыезьдзе некаторыя зь іх даведаліся, што на радзіме франкістамі забітыя іхныя бацькі, сем’і. І тым ня менш яны гулялі — і перамагалі. Ведаючы, што гэта іх помста — і іх унёсак у тую вайну.

Зорная каманда правяла ў СССР дзевяць матчаў, у тым ліку ў Менску, на «Дынама», супраць зборнай гораду. Менчукі першымі адкрылі лік, але ў выніку прайгралі 1:6. Мусіць, гэта была першая ў беларускім футболе сустрэча з камандай такога высокага ўзроўню.

1 красавіка 1939 году каўдыльё Франка зьвярнуўся да гішпанскага народу з кароткім пасланьнем.

«Чырвонае войска раззброенае і ўзятае ў палон. Нацыянальныя сілы перамаглі. Вайна скончаная».

І тады пайшоў дождж.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG