Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Гладышаў ідзе ў міліцыю за пікет супраць расейскай базы


На 8 ліпеня ў міліцыю Ленінскага раёну Магілёву выкліканы актывіст АГП Мікалай Гладышаў.

Як мяркуе спадар Гладышаў, на яго складуць пратакол за адзіночны пікет супраць новай расейскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі.

Гладышаў ня лічыць сябе вінаватым і заяўляе, што выступіў як грамадзянін незалежнай краіны.

«Я разглядаю разьмяшчэньне расейскай авіябазы як акупацыю Беларусі. Пра базу вырашылі кіраўнікі расейскай і беларускай дзяржаваў, ніхто ня раіўся з народам Беларусі, варта было ў яго запытаць дазволу. Я перакананы, што народ сказаў бы „не“ расейскім авіябазам», — заявіў Гладышаў.

4 ліпеня актывіст АГП зладзіў адзіночны пікет супраць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы.

Гладышаў прастаяў з плякатам «Не расейскім авіябазам на беларускай зямлі» каля паўтары гадзіны непадалёк ад будынка гарвыканкаму. Міліцыянт завёў яго ў пастарунак. Там склалі пратакол апытаньня.

Мікалай Гладышаў не аказваў супраціву, калі яго вялі ў міліцыю.

Паводле актывіста, у пастарунку міліцыянты высьвятлялі, хто падбіў яго на пікетаваньне і ці абяцалі яму за акцыю заплаціць.

Склаўшы пратакол апытаньня, выпісалі позву і адпусьцілі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG