Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусі пагражае «дэсьвінізацыя»


Туша сьвіньні непадалёк ад вёскі Чапунь

Туша сьвіньні непадалёк ад вёскі Чапунь

Пасьля некалькіх месяцаў утойваньня інфармацыі пра вірус афрыканскай чумы сьвіней беларускія ўлады заклікалі суседнія краіны разам змагацца супраць гэтай навалы. Аднак марнаваньне часу прывяло да таго, што эпізаотыя пачала распаўсюджвацца па тэрыторыі краіны.

Калі ў красавіку пачалі прыходзіць трывожныя весткі пра масавы забой сьвіней на буйным сьвінакомплексе «Ўсходні» ў Баранавіцкім раёне, чыноўнікі запэўнівалі: падставаў для панікі няма, падзеж не перавышае санітарных нормаў, а жарсьці нагнятаюць журналісты. Аднак стрымаць хваробу лёзунгамі не ўдалося: вэтэрынарныя службы Расеі на падставе ўласных аналізаў пацьвердзілі, што ў Беларусі зафіксаваная ўспышка афрыканскай чумы, і забаранілі ўвоз сьвінога мяса зь Беларусі. Сьледам беларускі мясны імпарт прыпынілі Ўкраіна, Літва і Латвія. Толькі пад зьнешнім ціскам дзяржаўныя ведамствы прызналі: праблема сапраўды існуе. Эпіцэнтрам хваробы абвешчаная вёска Ча́пунь на Івейшчыне.

Між тым на той час экспрапрыяцыя сьвінога пагалоўя ўжо пачалася ня толькі з прыватных падворкаў і калгасных гаспадарак на Гарадзеншчыне — у Івейскім, Карэліцкім, Валожынскім раёнах — але і ў Баранавіцкім на Берасьцейшчыне, у Стаўпецкім на Меншчыне. 4 ліпеня Дэпартамэнт вэтэрынарнага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня пацьвердзіў інфармацыю пра ўспышку афрыканскай чумы на сьвінагадоўчым комплексе «Лучоса» Віцебскага раёну. Падазрэньні наконт захворваньня на сьвіную чуму ёсьць і на Магілёўшчыне.

Пацярпелым гаспадарам абяцаюць кампэнсацыю зь мясцовай казны. Але, як кажуць жыхары вёскі Козевічы побач з «чумным эпіцэнтрам» у Чапуні, сьвінак у іх забралі яшчэ ў чэрвені, а грашовых разьлікаў няма дагэтуль. Улады абяцалі 16 тысяч рублёў за кіляграм жывой вагі — у тым выпадку, калі забіраюць прымусова. За хворых сьвіней кампэнсацыяў ня будзе:

«Адно парасё забралі без аніякіх кампэнсацый, бо нібыта хворае, а другое я сама закалола. Дык пробы аж у Менск павезьлі, але ніякіх вынікаў няма. Не разумею: што, не маглі зрабіць аналізы ў Іўі? Няўжо на месцы нельга нешта зрабіць, толькі ў Менску? А тут паспрабуй раскладзі гэтае сьвінчо, заколатае цяплом. Купіла маразільнік, аддала 1,5 мільёна рублёў, а раптам забяруць мяса, прызнаюць, што хворае? Мяса зьнішчаць, а халадзільнік жа грошай каштуе! Ім яшчэ што выгадна: маразільнікі зараз ідуць нарасхват. Я і сама „улезла“ з крэдытамі ў маразільнік — вялікі, пяцікамэрны. А што толку?».
Займацца сьвінагадоўляй забараняецца як мінімум на год

Згодна з інструкцыямі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, у раёнах, абвешчаных эпізаатычна небясьпечнымі, займацца сьвінагадоўляй забараняецца як мінімум на год. Зрэшты, шмат хто лічыць, што гэты тэрмін будзе нашмат большы — некаторым вяскоўцам ужо далі зразумець, што пра сьвіней у хлявах можна забыцца на бліжэйшыя гады 2–3.

Экспэрты папярэджваюць, што афрыканская чума прынясе вялізныя страты ня толькі прыватным гаспадаркам, але і дзяржаўнаму бюджэту. Адмыслоўцы прагназуюць, што на першым этапе бюджэт страціць 30 мільёнаў даляраў. Аднавіць у поўным аб’ёме экспарт прадукцыі сьвінагадоўлі будзе магчыма толькі празь некалькі гадоў. А калі санітарная зона будзе яшчэ пашырацца, працэс вяртаньня ў ранейшае рэчышча можа расьцягнуцца сама меней на дзесяцігодзьдзе.

Як паведамляюць афіцыйныя структуры, заразу ў Беларусь занесьлі з камбікармамі, імпартаванымі праз Расею. Аднак многія жыхары пацярпелых ад экспрапрыяцыі вёсак кажуць, што кармілі жывёлу практычна «са стала» — недаедкамі, бульбай, хлебам, мукой і г.д. Яны не выключаюць, што вірус прыйшоў з Налібоцкай пушчы, вакол якой і гуртуюцца ачагі афрыканскай чумы.

Днямі ў Маскве міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Заяц сустрэўся са сваім расейскім калегам Мікалаем Фёдаравым. Паведамляецца, што яны дасягнулі дамоўленасьці аб скаардынаваных захадах, каб забесьпечыць нераспаўсюджваньне вірусу афрыканскай чумы. Да сумеснай працы мяркуецца прыцягнуць і кампэтэнтныя службы Ўкраіны, якая таксама ў зоне рызыкі заносу вірусу.

Тым часам улады суседняй Літвы, якіх да супольнай працы пакуль не запрасілі, абмяркоўваюць магчымасьць узьвесьці 500-кілямэтровы плот, каб патэнцыйна хворыя дзікія жывёлы не маглі перабегчы ў Літву з тэрыторыі Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG