Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Во всяком месте, где останавливался, по обыкновению своему он всегда спрашивал: нет ли в том месте чего достопамятнаго и, буде что слышал, тотчас оное осматривал»

10 ліпеня 1705 году расейскі цар Пётар І, які ваяваў са швэдамі і таму знаходзіўся ў Полацку зь неафіцыйным несяброўскім візытам, адзначыў свае імяніны. Назаўтра, 11 ліпеня, ён прачнуўся, паспрабаваў прамовіць слова «достопрімечательності» і ня здолеў.

«Усё роўна мы пойдзем іх глядзець, — прабурчаў цар, галава якога была цяжкая, як добры палаш на галаве ненавіднага ўніята. — Меншыкаў, канём цябе! Ёсьць у гэтым горадзе дысрыстыпр...? Ну, ты мяне зразумеў! Тады los, los! Матка, яйкі, млеко!»

Расейскі цар вельмі любіў нямецкую мову.

...Неўзабаве цар з набліжанымі ўвайшлі ў сабор сьвятой Сафіі. Пётар, не азіраючыся па баках, рушыў да алтара. Гісторыкі лічаць, што манарх-рэфарматар хацеў там аблягчыцца. Звычайная, калі падумаць, фізіялягічная патрэба. Для душы і цела. Аднак шлях цару моўчкі загарадзілі некалькі манахаў. Пётар спыніўся.

«Но-но», — сказаў ён прымірэнча. — «А яшчэ лічыце сябе эўрапейцамі. А нас ардой азіяцкай. Не даюць пасцаць чалавеку. Да таго ж госьцю, які проста захацеў зірнуць на гэтыя... дыстпрстр...»

Манахі маўчалі, але зь месца не сыходзілі. Пётар пачаў не сьпяшаючыся прагульвацца ўздоўж сьценаў.

«А гэта хто?» — ткнуў ён пальцам у ікону. — «Што за морда лацінская?»

Манахі маўчалі.

«Што за морда, пытаюся?» — крыкнуў цар. І тады адзін з манахаў зірнуў проста ў пахмельныя вочы цара і спакойна адказаў:

«А гэта сьвяты пакутнік Ясафат Кунцэвіч, якога забілі праваслаўныя ератыкі».

Гэткае абразы Пётар, у якога балела галава і брыдка было ў роце пасьля ўчорашняга, вытрываць ня мог. «Кунцэвіч?» — і ён выхапіў шаблю. Паводле гістарычных крыніцаў, у той дзень цар уласнаручна забіў вікарыя Зайкоўскага, Меншыкаў — айца Кнышэвіча, пасеклі шаблямі закрыстыяна Кандратовіча, казаньніка Калбячынскага, айца Кізікоўскага і брата Анкудовіча. Некаторых іншых уніятаў з сафійскага храму забілі на другі дзень.

Ёсьць і іншыя вэрсіі таго, што адбылося ў Сафіі тым ліпеньскім днём... Так ці інакш, уніяцкія манастыры былі пасьля гэтага зачыненыя, а сам храм Пётар загадаў перарабіць у склад пораху і амуніцыі. Празь пяць гадоў расейцы яго ўзарвуць. А яшчэ праз трыста гадоў цара Пятра на гэтых абшарах хто-ніхто ўсё яшчэ будзе па звычцы называць «нашым», «геніяльным», «пэрсанажам айчыннай гісторыі». Дом, дзе ён п’янстваваў у Полацку, рэканструююць. І будуць дзякаваць яму за Новы год — які ў Беларусі нібыта ўвёў менавіта той «імяніньнік» (што хлусьня і няпраўда). Дзедушка Мароз проста нейкі, а не манарх. Зь ісьціннай верай у чырвоным мяху.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG