Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да вандроўніка Егуды Галеві падобны чалавек, які з самага ранку накіроўваецца ў краму, і ўсе сустрэчныя глядзяць на яго з замілаваньнем...

Раніцай 10 ліпеня 1873 году францускі паэт Поль Вэрлен («бляднее твар, рвецца ўздых») таропка ідзе па брусэльскіх вуліцах, каб набыць сабе рэвальвэр. Уласна кажучы, прачнуўшыся, ён зьбіраўся патраціцца на капялюш, кіёк або запальнічку; па вялікім рахунку, яму як сапраўднаму паэту ўсё адно, на што пойдуць сёньня ягоныя мізэрныя грошы, хапіла б на выпіўку, але рэвальвэр — о, гэта добрая ідэя. Бо акурат некалькі дзён перад тым Вэрлен паабяцаў маці і свайму каханку Арцюру Рэмбо, што застрэліцца — а зьдзейсьніць абяцанае з дапамогай капелюша, кія або запальнічкі даволі праблематычна.

Сьпёка. Вэрлену вельмі хочацца халоднага белага, неразбаўленага, яму хочацца пісаць, уладкаваўшыся дзесьці ў цяньку, а яшчэ яму хочацца пусьціць кулю сабе ў скронь. І невядома, чаго мацней.

Па дарозе назад, у гатэль «Льежуа», Вэрлен завітвае ва ўлюбёную карчму, у гатэлі ён выпівае яшчэ бутэльку віна — і тут перад ім, як п’яная галюцынацыя, зьяўляецца Рэмбо. Вэрлен паволі дастае з кішэні зброю, так, ён зробіць гэта проста на вачах у Арцюра, зараз, зараз... Чуецца стрэл, Рэмбо хапаецца за запясьце, Вэрлен неўразумела глядзіць на рулю і нават зазірае ў яе, а потым кідаецца да сябра, падае на калені...

Абняўшыся, яны разам ідуць у шпіталь — дакладней, іх вядзе туды Вэрленава маці, якая, пачуўшы стрэл, адразу прыбегла ўніз, праклінаючы ўсіх геяў, паэтаў, празаікаў і навэлістаў на сьвеце. Што гэта ў цябе там такое цьвёрдае? — пытаецца Рэмбо, прыціскаючыся да сябра. Ды так, нічога асаблівага, — змрочна адказвае Вэрлен і прыгадвае, што пакуль што так і не застрэліўся. Ён зноў вымае сваю ранішнюю пакупку і настаўляе яе сабе ў грудзі. Паліцыя! — кліча Рэмбо, баючыся за каханага калегу. Ён ні ў чым не абвінавачвае Вэрлена, але таго ўсё адно арыштуюць за замах на забойства, за прабітае куляй запясьце, і асуджаюць на два гады.

За тыдзень да таго стрэлу Рэмбо пісаў Вэрлену:

«Вярніся, вярніся, дарагі мой дружа, адзіны мой сябар, вярніся. Клянуся, я буду паводзіцца добра. Я быў грубаваты з табой, але гэта быў толькі жарт, вярніся, мы ўсё забудзем, ... вось ужо два дні я плачу бясконца... табе трэба вярнуцца... быць мужным... наша сварка была несур’ёзная... Жахлівае імгненьне! Ну чаму, чаму, калі я заклікаў цябе пакінуць карабель, ты не зрабіў гэтага?... Калі мне нельга будзе бачыцца з табой, я завэрбуюся ў флёт ці ў войска...»

Так яны й жылі. Выклятыя, ірацыянальныя, абсурдныя, жарсныя. Капрызьлівыя, як дамачкі, гучныя, як даміно. Быццам два кепскія вершы, якія, трапіўшы ў нечаканы кантэкст, пачынаюць раптам па-навальнічнаму пахнуць нейкай новай, нечуванай раней паэзіяй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG