Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў, асуджаных за пасобніцтва Кадафі, перавезьлі з Трыпалі


Паседжаньне суду ў справе беларусаў, украінцаў і расейцаў у Лібіі, 29 траўня 2013

Паседжаньне суду ў справе беларусаў, украінцаў і расейцаў у Лібіі, 29 траўня 2013

Цяпер яны ў горадзе Зінтан разам з асуджанымі грамадзянамі Ўкраіны і Расеі. Перавялі іх дзеля бясьпекі, бо сытуацыя ў Трыпалі абвастрылася.

«Беларускі МЗС адмыслова не камэнтуе гэтую сытуацыю, — паведаміў Радыё Свабода прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных. — Працуюць консульскія службы. Але нашая мэта — вызваленьне нашых грамадзянаў. Дэталі мы асьвятляць ня будзем, бо гэта можа быць контрапрадуктыўна».

Раней паведамлялася, што сярод беларускіх грамадзянаў — Фёдар Трусанаў, Валер Гардзіенка, Ігар Ядзімічаў і Вячаслаў Качура.

Вячаслаў Качура, магчыма, адбываў пакараньне ня ў Трыпалі. Каго зь беларусаў дакладна перавялі ў Зінтан, невядома.

27 жніўня 2011 году лібійскі паўстанцкі батальён «Какаа» затрымаў беларускіх, украінскіх і расейскіх грамадзян. Ім прад’явілі абвінавачаньне ў аднаўленьні вайсковай тэхнікі, якія выкарыстоўвалася рэжымам Муамара Кадафі «дзеля зьнішчэньня лібійскага народу».

4 чэрвеня 2012 году суд у Трыпалі абвясьціў прысуд. Кіраўніком групы «міжнародных наймітаў» прызналі расейца Аляксандра Шадрова. Ён асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня. Расеец Уладзімер Далгоў, тры беларусы і 19 украінцаў атрымалі па 10 гадоў.

Разгляд апэляцыяў на прысуд пераносіўся ўжо некалькі разоў.

Сваякі затрыманых беларусаў сьцьвярджаюць, што тыя працавалі ў Лібіі на цывільнай службе.

МЗС Украіны паведамляе, што ўкраінцы разьмешчаныя ў кандыцыянаваных будынках па некалькі чалавек (раней яны знаходзіліся ў адным памяшканьні). У іх ёсьць халодная і цёплая вада. Апроч таго, яны маюць магчымасьць гуляць па навакольнай тэрыторыі, паведамляе Інтэрфакс.
XS
SM
MD
LG