Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нідэрляндах судзяць мужа забітай беларускі Кацярыны Ханяк


Дом Брэкеляў. Фота: gva.be

Дом Брэкеляў. Фота: gva.be

У Нідэрляндах аднавіўся суд над Робэртам Янам Брэкелем, мужам забітай беларускі Кацярыны Ханяк, піша БелаПАН.

Як паведаміў карэспандэнт бэльгійскага выдання Gazet van Antwerpen Тон Вэрхэен, на пасяджэньні 4 ліпеня абвінаваўца запрасіў для Брэкеля 12 гадоў турмы. Чакаецца, што прысуд будзе абвешчаны 9 жніўня.

Суд над Брэкелем пачаўся 9 чэрвеня 2011 году. Затым пасяджэньні некалькі разоў пераносіліся з-за неабходнасьці правядзеньня экспэртызы.

Ханяк і Брэкель былі знаёмыя з 2001 году. У ліпені 2007 году беларускія сваякі 26-гадовай жанчыны зьвярнуліся ў Маскоўскі РУУС Менску з заявай аб яе зьнікненьні. У Нідэрляндах крымінальная справа аб зьнікненьні беларускі была распачата ў лістападзе 2007 году.

18 лютага 2008 году паліцыя ўзламала дзьверы, каб абшукаць дом, дзе жыла сям’я Брэкель. Сабакі знайшлі парэшткі жанчыны, якія былі залітыя будаўнічай сумесьсю і ляжалі ў скрыні ў пакоі чатырохгадовай дачкі Брэкеляў Ніколь. Зробленае лютага 21 ускрыцьцё пацьвердзіла асобу беларускі.

Брэкель быў арыштаваны паводле падазрэньня ў забойстве жонкі 30 кастрычніка 2010 году на распараджэньне пракуратуры Брэды на падставе вынікаў расьсьледаваньня справы аб забойстве. У ходзе сьледзтва ён прызнаў, што пабудаваў для гульняў дачкі гэтую драўляную скрыню, але адмаўляў, што забіў жонку і склаў у яе цела.

Акрамя забойства жонкі Брэкеля абвінавачваюць у распаўсюдзе дзіцячай парнаграфіі. Пры затрыманьні ў 2007 і 2008 гадах у ягоных ноўтбуку, тэлефоне і фотаапараце былі выяўленыя здымкі аголеных дзяцей. Ён настойвае на сваёй невінаватасьці і па гэтых эпізодах, тлумачачы, што гэта фота яго дачкі, і патрабуе паказаць фота на судзе.

12 студзеня 2010 году ў Бэльгіі пачаўся яшчэ адзін судовы працэс, у якім Брэкель з пяцьцю саўдзельнікамі праходзіць як падазраваны ў нелегальным правозе ў краіну трох кіляграмаў какаіну.
XS
SM
MD
LG