Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сястра Варламава: Мы спадзяемся на справядлівы прысуд


Саша Варламаў

Саша Варламаў

Апошняе слова Сашы Варламава заняло ня больш за 15 хвілін, цягам якіх мадэльер тройчы цытаваў Эвангельле, пры гэтым гэтак і не прызнаў сябе вінаватым па ніводным з пунктаў абвінавачаньня, хоць цягам 5-месячнага працэсу пагаджаўся хоць бы з тым, што як кіраўнік прыватнага прадпрыемства «Агенцтва моды Сашы Варламава» ня цалкам сплаціў падаткі.

Аляксандар Варламаў лічыць, што ня краў у прызнаных пацярпелымі ў справе ўдзельнікаў паказаў моды сутачныя, бо гэтыя грошы «прызначаліся зусім на іншыя мэты — на фэстываль». Заснавальнік і арганізатар «Млына моды» настойвае, што траціў сутачныя на разнастайныя тэхнічныя патрэбы падчас паказаў за мяжой, бо там — «зусім іншая практыка». Варламаў наракаў, што ў першыя гады існаваньня фэстывалю «Млын моды» яго фінансаваньне было недастатковым і даводзілася шукаць грошы самому, у тым ліку прыцягваць спонсараў. Мадэльер не папрасіў прабачэньня ні ў кога з пацярпелых і сказаў, што ганарыцца сваім праектам. Паводле Сашы Варламава, беларускія мадэлі і дызайнэры фэстываляў «Млын моды» таксама ганарацца, што бралі ў іх удзел. Нават супрацоўнікі і вязьні сьледчага ізалятара на Валадарскага, дзе ўжо амаль два гады знаходзіцца пад вартай Аляксандар Варламаў, паводле ягоных словаў, яго падтрымліваюць.

«Трымаюся з апошніх сіл, каб пачуць справядлівы прысуд», — гэтак скончыў сваё апошняе слова мадэльер Саша Варламаў. Судзьдзя Надзея Навіцкая завяршыла паседжаньне абвесткай, што прысуд будзе агалошаны 23 ліпеня.

Пракуратура даводзіла, што Аляксандар Варламаў вінаваты ў шэрагу эканамічных злачынстваў. Паводле абвінавачаньня, мадэльер нанёс стратаў больш як на мільярд рублёў. Адвакат Павал Піваварчык мяркуе, што віна ягонага падабароннага ў судзе не была даказаная:

«У сваёй прамове я прасіў яго цалкам апраўдаць. Мяркую, тымі матэрыяламі, якія сабраныя, ягоная віна не даказаная. Нават у тым, што ён сам прызнае — адносна падаткаў. Бо ён прызнае ўскосна. Прызнае сам факт нясплаты падаткаў, але якую частку падаткаў ён недаплаціў, ён сам ня ведае. А аналізуючы паказаньні сьведак, якія казалі, што яны ўносілі наяўныя грошы, можна сказаць, што ня вызначаная дакладна сума нясплаты падаткаў. А калі яна дакладна ня вызначаная, то немагчыма выставіць законнае абвінавачаньне і, адпаведна, вынесьці прысуд. Мяркую, мой падабаронны паводле ўсіх артыкулаў павінен быць апраўданы».
Мяркую, мой падабаронны паводле ўсіх артыкулаў павінен быць апраўданы

У судзе сёньня было шмат наведнікаў і журналістаў. Зноў прыйшлі і сваякі Сашы Варламава. Сястра Варламава Ларыса Бухарская хадзіла ў суд амаль на ўсе паседжаньні. Яна таксама лічыць, што віна брата не была даказаная, і спадзяецца неўзабаве ўбачыць яго на волі. Ларыса Бухарская непакоіцца пра стан здароўя Аляксандра Варламава:

«Ён адчувае сябе вельмі дрэнна. Трымаецца з апошніх сіл, толькі дзякуючы сіле духу. Кожны тыдзень перадаём яму шмат лекаў. Што да прысуду, спадзяюся на справядлівасьць».

Апошняе слова Сашу Варламаву дазволілі вымаўляць седзячы. У судзе ён па-ранейшаму перасоўваецца на мыліцах. Паводле адваката, у Варламава ўшчамленьне 6 пазванкоў хрыбетніка і яму неабходнае тэрміновае лячэньне ў стацыянары.
XS
SM
MD
LG