Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебск у палоне сьвіной чумы


Афрыканская чума сьвіней. Ілюстратыўнае фота

Афрыканская чума сьвіней. Ілюстратыўнае фота

Дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу пацьвердзіў, што на сьвінакомплексе «Лучоса», які належыць Віцебскаму камбінату хлебапрадуктаў, зафіксаваны выпадкі афрыканскай чумы — віруснага захворваньня, якое вядзе да масавай гібелі пагалоўя сьвіней. Для чалавека яно пагрозы не ўяўляе. Але небясьпека ў іншым: вірус выяўлены непадалёк ад расейскага памежжа.

Яшчэ 1 ліпеня на гэтым сьвінакомплексе, што каля вёскі Копці Віцебскага раёну, масава зьнішчалі жывёлу. Вядома пра гэта было толькі з чутак ды сьведчаньняў мясцовых жыхароў. Пад’езды да сьвінакомплексу былі заблякаваныя пастамі ДАІ, але міліцыянты нікому не тлумачылі, што адбываецца ў Капцях.

А яшчэ раней, у 20-х чыслах чэрвеня, працаўнікі вэтэрынарнай службы ў суправаджэньні міліцыянтаў панішчылі сьвіней у прыватных гаспадароў зь вёсак Ліпаўцы, Шапечына і Асінаўка.

Нічога канкрэтнага людзям не казалі, гаворыць жыхар Асінаўкі спадар Аляксей: «Заходзіць мужык у хлеў, робіць сьвіньні ўкол, усыпляюць імгненна. Ніякай крыві, нічога такога... І двое адразу выцягваюць. А сьвіньня — гэта ж як ты яе корміш, столькі мяса потым і возьмеш! Улетку — трава, узімку — камбікорм, бульба, і карміць жа трэба тройчы на дзень, як мае быць. А тут раз — і ўсё! Ну, гэта як стыхійнае бедзтва. Паводка, прыкладам. Ну хто ў паводцы вінаваты?»

Пра верагодную шкоду ад паводкі хаця б папярэджваюць. А пра афрыканскую чуму ці хаця б пра верагоднасьць такой хваробы, пакуль яна не была пацьверджана, не казаў ніхто. Прынамсі, да 5-га ліпеня ні радка пра гэта не напісала ні мясцовая раёнка Жыцьцё Прыдзьвіньня, ні афіцыйны сайт Віцебскага райвыканкаму.

Прадпрымальныя людзі скупяць у насельніцтва сьвіней, якіх яшчэ нязьнішчылі, а мяжа з Расеяй у нас адкрытая! І — пайшла сабе афрыканская чума ад Берасьця да Ўрала!
Між тым выпадкі хваробы зафіксаваныяўжо і ў мястэчку Крынкі суседняга Лёзьненскага раёну. Гэты раён мяжуе з Расейскай Фэдэрацыяй, і ў гэтым — свая небясьпека, працягвае спадар Аляксей:

«Могуць знайсьціся прадпрымальныя людзі, якія падлічаць, што можна няблага зарабіць. Яны скупяць у насельніцтва сьвіней, якіх яшчэ ня зьнішчылі, а мяжа з Расеяй у нас адкрытая! І — пайшла сабе афрыканская чума ад Берасьця да Ўрала! Гэткі сцэнар, у прынцыпе, магчымы...»

Для чалавека афрыканская чума небясьпекі не ўяўляе. Але гэтая хвароба здольная «выкасіць» усё сьвіное пагалоўе на вялікай адлегласьці. Таму, каб прадухіліць эпідэмію, сьвіней мусяць зьнішчыць у радыюсе 40 кілямэтраў ад сьвінакомплексу «Лучоса», дзе дакумэнтальна зафіксаваныя выпадкі хваробы. А гэта — тэрыторыі васьмі раёнаў: Віцебскага, Лёзьненскага, Аршанскага, Сеньненскага, Бешанковіцкага, Шумілінскага, а яшчэ Дубровенскага і Гарадоцкага раёнаў, што таксама мяжуюць з Расейскай Фэдэрацыяй.

Але і ў гэтых раёнах пра небясьпеку афрыканскай чумы сьвіней насельніцтва не папярэджана, кажа былы вэтэрынарны лекар Аляксандар Шчамлёў, які жыве ў Шумілінскім раёне:

Гэта ж жах — вірус косіць усё. Ён як грып, толькі дужа кантагіёзны. Ён муціруе, таму вакцыны — няма
«Нічога не чуваць — ні пра нейкія выпадкі хваробы, нічога! Ціха і сьвята! А гэта ж жах — вірус косіць усё. Ён як грып, толькі дужа кантагіёзны. Ён муціруе, таму вакцыны — няма. Афрыканская чума ў нас лічыцца хваробай пераможанай, хваробай мінулага! Яе нават не вывучалі падрабязна — толькі факультатыў быў. Я 20 гадоў адпрацаваў — і нічога падобнага не было. А тую афрыканскую чуму, між іншым, прывезьлі з Афрыкі гандляры рабамі. Прывезьлі — і вымерла паўмільёна сьвіней. Таму потым індзейцы пачалі мерці з голаду!»

Спадар Аляксандар мяркуе, што сельскую гаспадарку вобласьці чакаюць вялікія страты — бо частка сьвінакомплексаў будзе проста зьнішчана:

«Страты будуць дзікія. Таму што сьвінакомплексы „лягуць“. Увогуле афрыканская чума ў Беларусі — гэта сэнсацыя! Гэта мусіць быць на першых старонках, улады мусяць папярэдзіць насельніцтва. Чаму маўчыць урад, чаму маўчаць мэры гарадоў, райвыканкамы? Гэта ж кашмар! Яны мусяць выступіць з заявамі... Чаму ўлада маўчыць?»

Афрыканская чума на Віцебшчыне пакуль ня стала навіной № 1. Але на нешматлікія зьвесткі ў інтэрнэце ўжо зрэагаваў рынак: цэны на сьвініну ўпалі. Улетку мяса й так таньнее, бо кепска захоўваецца, а тут — яшчэ й хвароба.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG