Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад першай сусьветнай вайны ў прыгожым пісьменстве засталося столькі аскепкаў, што на стагодзьдзе хапіла, — усе ня выдастаць: не найлепшая літаратура, але самая пранізьлівая журналістыка. Літаратары ваявалі на кожным баку — і часам стралялі проста адзін у аднаго: хто ацалеў, той і напіша. Той і зробіцца ім — «страчаным пакаленьнем».

8 ліпеня 1918 году невядомыя аўстрыякі — дзякуючы Гарэцкаму яны заўжды будуць уяўляцца беларускаму чытачу сымпатычнымі ўкраінцамі, на якім бы фронце яны ні ваявалі — узялі і абстралялі зь мінамётаў і кулямётаў італійскія пазыцыі каля Фасальта-ды-П’явэ. Хто яго ведае, ці быў у той дзень сярод тых аўстрыякаў хаця б адзін пісьменьнік ці хаця б які заваляшчы драматург, а вось на італійскім...

У ліку параненых зь іхнага боку быў 19-гадовы амэрыканец Эрнэст Гэмінгўэй, які спрабаваў уратаваць італійскага снайпэра. Пад аўстрыйскія кулі хлопец з Ілінойсу, карэспандэнт канзаскай газэты палез сам — у войска яго ня ўзялі праз слабы зрок, давялося запісвацца добраахвотнікам. Так Гэмінгўэй зрабіўся кіроўцам Чырвонага крыжа. Ён вельмі хацеў пабачыць вайну на ўласныя вочы і напісаць пра яе. Праўду.

Снайпэр загінуў.

«...Я сеў, і ў гэты час нешта хіснулася ў мяне ў галаве, быццам гірка ад вачэй лялькі, і выцяла мяне знутры па вачах. Нагам зрабілася цёпла і мокра, і чаравікі зрабіліся цёплыя і мокрыя ўсярэдзіне. Я зразумеў, што паранены, нахіліўся і паклаў руку на калена. Калена не было. Мая рука сьлізнула далей, і калена было там, выкручанае набок. Я выцер руку аб кашулю, і аднекуль зноў пачало ліцца белае сьвятло, і я паглядзеў на сваю нагу, і мне зрабілася страшна. «Божа!» — сказаў я. — «Вызвалі мяне адсюль».

У той дзень у Фасальта-ды-П’явэ ён паехаў, каб адвезьці на перадавую шакаляд і цыгарэты — у выніку 227 раненьняў у абедзьве нагі, дактары выцягнулі зь яго амаль трыццаць аскепкаў. Неўзабаве грудзі ўпрыгожыў мэдаль, атрыманы ад самога караля Італіі Віторыё Эмануэле ІІ — высьветлілася, што Гэмінгўэй стаў першым амэрыканцам, параненым на Італійскім фронце. Мэдаль быў са срэбра, а пратэз у калене — з алюмінію... Потым быў мілянскі шпіталь, было каханьне — на здымку, зробленым у бальнічнай палаце, ён выглядае такім шчасьлівым, як толькі можа выглядаць чалавек, якому 19 і які ведае, чаго хоча.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG