Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма праблемы


Страх адымае памяць. Нешта падказвае, што прадстаўнікі самай мірнай і запатрабаванай у сьвеце прафэсіі — зьнішчаць журналістаў, «зашчышчаючы родзіну» — наўрад ці ведаюць гэты афарызм, які прыпісваюць Фукідыду. І тым ня менш менавіта на гэта яны і разьлічвалі, забойцы і тыя, хто аддаваў ім загады — на тое, што страх прымусіць нас усё забыць. Міне год-два, ну добра, тры — і ніхто ня ўспомніць, бо ўспамінаць пра такое стра-а-ашна... Раптам і цябе?.. Зашчыцят?... Дый што, у беларусаў іншых клопатаў няма? Прыкладна так, напэўна, яны і разважалі, робячы непазьбежную памылку ўсіх бяздарнасьцяў (а забойца і выкрадальнік заўжды бяздарны): мераючы ўсё сваім уласным страхам.

Гэтую гісторыю ведае і памятае кожны — кожны з тых, хто не баіцца ведаць і памятаць. 7 ліпеня 2000 году беларускі журналіст і тэлеапэратар Дзьмітры Завадзкі паехаў на машыне ў менскі аэрапорт сустракаць Паўла Шарамета. Машыну Дзьмітрыя пазьней знайшлі ў аэрапорце, а яго самога больш ніхто і нідзе ня бачыў. Як і Віктара Ганчара і Юрыя Захаранку, зьніклых за год да таго.

«Гісторыя, якая магла б адбыцца дзе заўгодна, але толькі ня ў нас» — скажа той, хто верыць у страх як аснову парадку. А іншыя нічога ня скажуць, усьміхнуцца ў камэру: пэўне, калі правесьці цяпер на вуліцы апытаньне, ці ведаюць мінакі, хто такі Дзьмітры Завадзкі, большасьць абыякава сьцепане плячыма. Ня ведаем. Не. А што? Дзецям такое ня кажуць і ў школе не праходзяць. Новае пакаленьне жыве так, нібы 2000 году наогул не існавала ў прыродзе. Што ўжо казаць пра дзевяностыя.

Так да галоўных беларускіх пытаньняў — «за што»? «калі ўжо»? і «хто мы»? — дадалося яшчэ адно, ня менш вызначальнае: «дзе?»

Любая прытомная ўлада, якая дапусьціла выкраданьне грамадзяніна, мусіла б ужо празь месяц карміць скунсаў на далёкай плянэце зь нехарошай назвай — або вошай на нарах. Нават калі б яна абсалютна не была датычная да злачынства. Там, дзе страху няма — там і памяць так проста не адымеш, і адказнасьць працуе. Зрэшты, дурняў, якія вераць уладзе, у Беларусі трэба яшчэ пашукаць. Хаця знайсьці іх і значна лягчэй, чым цела выкрадзенага і хутчэй за ўсё забітага журналіста.

Дзяржаве, ясная справа, ня верыцца, а неяк верыцца ў тое, што замяшаныя ў гэтую справу дагэтуль спакойна жывуць сярод нас. Дзяцей гадуюць, жаруць, п’юць, музыку слухаюць. Лаюцца і ходзяць у адпачынкі. Яшчэ адзін афарызм, не фукідыдаўскі, ім дакладна знаёмы. Няма чалавека — няма праблемы. У прынцыпе, бываюць сытуацыі, калі ў ім знаходзіш нешта жудасна-рацыянальнае. Часам таксама вельмі хочацца, каб пэўных людзей не было ў прыродзе. Нейкія праблемы ў Беларусі непазьбежна б вырашыліся. Але спачатку хай будзе суд. Ня толькі за зьнікненьні, выкраданьні, катаваньні, прыніжэньні, але і за тое, што яны рабілі і робяць з нашай памяцьцю. Яна ў нас, хто б там чаго зь ёй ні рабіў, яшчэ жывая і крычыць — і ні дараваць, ні забываць нічога не зьбіраецца. Ня ўмее. Развучылі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG