Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфановіч: «Гэта — мыльная бурбалка, якую самі камітэтчыкі выдзьмулі»


4 ліпеня «Комсомольская правда» в Белоруссии" апублікавала інтэрвію з Аляксандрам Сідаровічам, першым намесьнікам пракурора Віцебскай вобласьці, у якім той прыўзьняў заслону сакрэтнасьці над справай Андрэя Гайдукова.

Паводле суразмоўцы КП, Гайдукоў сам захацеў працаваць на замежныя спэцслужбы, шукаў сувязяў зь імі, а беларускія спэцслужбы проста ўключыліся ў гульню.

Інтэрвію Аляксандра Сідаровіча пракамэнтаваў для Радыё Свабода юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

«Калі пачынаўся суд, абвінавачваньне было вельмі сур’ёзным у зьдзяйсьненьні злачынства асабліва цяжкага — здрада дзяржаве, за што пагражае ад 7 да 15 гадоў. Цяпер нам распавядаюць цудоўную казку, як праводзілі экспэрымэнт, як пад выглядам ЦРУ яго прасілі пад’ехаць у Горадню з бутэлькай фанты... Паўстае пытаньне: яны чаму першапачаткова чалавека абвінавацілі паводле артыкула «Здрада дзяржаве»? Цяпер мы бачым, што гэта не знайшло пацьверджаньня. Калі выстаўляюць абвінавачаньне ў «здрадзе дзяржаве», натуральна, яго бяруць пад варту. А артыкул 356 «прым» не прадугледжвае заключэньня пад варту, максымум — падпіску аб нявыезьдзе. Дык навошта было чалавека 7,5 месяца трымаць у СІЗА КДБ і ладзіць гэтую атмасфэру сакрэтнасьці? А цяпер дазіравана перадаваць інфармацыю ў пэўныя СМІ? У мяне пытаньне — навошта? Таму што першапачаткова гэта была нейкая мыльная бурбалка, якую самі камітэтчыкі выдзьмулі і вырашылі пагуляць у жмуркі з маладым чалавекам. Прычым яны самі правакавалі яго на зьдзяйсьненьне пэўных крокаў. І з гэтым абвінавачваньнем яны пайшлі ў суд, а суд павінен быў перакваліфікоўваць, таму што не было доказаў па абвінавачваньні паводле артыкула «Здрада дзяржаве».

Сам склад злачынства зьявіўся ў лістападзе 2011 году. Тады артыкул «Здрада дзяржаве» быў мадыфікаваны. То бок раней ён быў сфармуляваны дакладна: «Здрада дзяржаве, якая выражалася ў перадачы сакрэтнай інфармацыі альбо дзяржаўнай таямніцы». А ў 2011 годзе артыкул быў зьменены, дадалі: ... і іншай інфармацыі, якая можа зьяўляцца шкоднай для дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь. Якой — іншай? Гэта ў кожным выпадку суд будзе суб’ектыўна вызначаць, ці ўяўляе гэта канкрэтная інфармацыя нейкую пагрозу, ці не? І якая гэта інфармацыя? Публічная ў тым ліку інфармацыя?

Ну, і гэты склад злачынства зьявіўся ў 2011 годзе ў Крымінальным кодэксе — усталяваньне сувязяў з замежнай выведкай без прыкметаў здрады дзяржаве. Сама канструкцыя дзіўная, таму што незразумела, у якіх мэтах усталёўваецца супрацоўніцтва. То бок шкоднасьці дзеяньняў не прадугледжвае. Ёсьць крымінал — сам факт усталяваньня сувязяў, няважна ў якіх мэтах, ня трэба мэты даказваць.

Разумееце, калі б гэта было сапраўды ЦРУ, тады б можна было гаварыць, што — так, чалавек зьдзейсьніў замах на здраду дзяржаве. Ён выказаў гатоўнасьць супрацоўнічаць з сакрэтным органам для перадачы нейкай інфармацыі. А тут выходзіць, што з таго боку нікога не было, то бок ён супрацоўнічаў з нашым Камітэтам дзяржбясьпекі. Яны яму казалі паехаць у Горадню, з бутэлькай фанты пахадзіць, ліст у ямку закапаць ці яшчэ што...

Гэта фактычна з той жа сэрыі, што і пацукі ў водаправодзе. Штосьці наш КДБ ніяк не прыдумае нечага больш сур’ёзнага: то 19 сьнежня 2010 году — зброя ў гаражы ў Малінаўцы, то пацукі ў водаправодзе, то Гайдукоў, які хацеў здрадзіць дзяржаве».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG