Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасьці не разьвязаны


Радыё Свабода паразмаўляла з адной з супрацоўніц Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці, якая звольнілася разам з дзясяткамі супрацоўнікаў уключна з кіраўніцтвам дзяржаўнай арганізацыі на знак пратэсту.

Былая супрацоўніца Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці, якая прасіла не называць яе імя, прыйшла ў цэнтар як малады спэцыяліст. Днямі яна звольнілася разам са шматлікімі калегамі. Паводле ўказу прэзыдэнта № 168 ад 12 красавіка 2013 г. супрацоўнікі цэнтру, разам з 12–13 тысячамі іншых чыноўнікаў, з 1 ліпеня пазбавіліся статусу дзяржслужачых. А значыць, страцілі даплаты да заробкаў, даўжэйшыя адпачынкі і спадзевы на большую пэнсію.

«Ня тое каб нехта нас падгаварыў і сказаў: давайце разам усе звольнімся і паглядзім, што будзе. Ці давайце ня будзем працаваць, ці будзем кепска працаваць, каб усе паглядзелі, якія мы здораўскія, — узрушана распавядае дзяўчына. — Не! Насамрэч надыходзіць пік, калі людзі далей ня могуць так.

Справа нават не ў заробку, а ўва ўсьведамленьні таго, што твая праца нічога ня вартая
Мае калегі, сяброўкі зарабляюць у два разы болей, чым я. Колькі гэта можа працягвацца? Я ж не магу сядзець на шыі ў сваіх бацькоў! Гэта ненармальна. Табе падабаецца сфэра, але ты ня можаш у ёй працаваць, бо няма пэрспэктываў. Справа нават не ў заробку, а ўва ўсьведамленьні таго, што твая праца нічога ня вартая».

Канфлікт у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасьці дагэтуль не разьвязаны. З сайта ўстановы толькі сёньня зьнялі адкрыты ліст, у якім супрацоўнікі выказвалі нязгоду з рашэньнем пазбавіць іх статусу дзяржслужачых.

Новапрызначанае кіраўніцтва — Пётар Броўкін, які цяпер выконвае абавязкі генэральнага дырэктара, — на тэлефанаваньні не адказвае. Апроч яго ніхто ў цэнтры даваць камэнтары журналістам не пагаджаецца.

«Калі нацыянальны цэнтар будзе не ад імя дзяржавы выдаваць гэтыя патэнты, то пра якую вартасьць гэтага патэнта можа ісьці размова? — задаецца пытаньнем былая супрацоўніца цэнтру.

Яна распавядае, што заробкі ў іх і так былі вельмі малыя, але людзі працавалі «на карысьць дзяржавы», адказна выконваючы сваю працу.

«Гэтая арганізацыя працуе на міжнародным узроўні. Гэта твар Беларусі! Калі інтэлектуальную ўласнасьць ані ўва што ня ставяць, кажуць — ідзіце працаваць на рынкі, у калгасы — дык, прабачце, мы для гэтага атрымлівалі адукацыю?» — кажа былая супрацоўніца цэнтру.

Дзяўчына мае вышэйшую юрыдычную адукацыю і скончыла магістратуру, але заробак, па яе словах, у яе быў меншы, чым у прыбіральшчыцы ў мэтро. Яе крыўдзяць камэнтары пад інфармацыяй пра канфлікт, якія зьяўляюцца ў інтэрнэце — маўляў, дзяржчыноўнікі проста атрымлівалі высокія заробкі і нічога не рабілі.

«Пяць мільёнаў? Гэта занябёсныя для нас заробкі, мы іх ня бачылі. Нават па гандлёвых знаках гэтыя грошы не ідуць праз нас. Мы проста супрацоўнікі, проста атрымлівалі свае дзяржаўныя заробкі».

Аляксандар Сасноў, былы міністар працы, кажа, што пакуль ня бачыць, каб дзяржава мела сыстэмны плян рэформы дзяржапарату:

«Сёньня я ня бачу такіх варыянтаў зьмены сытуацыі. Бяруць проста рэжуць па-чорнаму, скарачаюць людзей альбо паніжаюць статус, што, канечне, б’е па кішэні і па будучых пэнсіях. І тое, што яны столькі гадоў адпахалі на адных умовах, а пасьля ім рэзка гэтыя ўмовы мяняюць, гэта, канечне, непрыемна. Але людзі ведалі, на што ішлі.

Вось гэтыя пабунтавалі трохі, але прыйдуць іншыя. І будуць яшчэ на горшых умовах працаваць, пакуль і іх не паб’юць. Памылкі адных людзей яшчэ нікога не спынілі».

Нацыянальны цэнтар інтэлектуальнай уласнасьці ахоўвае правы на аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці і дзейнічае як патэнтны орган. Утвораны ён быў у 2001 годзе шляхам трансфармацыі Дзяржаўнага патэнтнага камітэту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG