Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зеленаскурая пашпарціна


Зь ім нават самы сумленны чалавек пачуваўся ўмоўна вызваленым злачынцам — або дзіцём, народжаным па-за шлюбам.

Так пісаў пра гэты зьненавіджаны дакумэнт, так званы «нансэнаўскі» пашпарт, Уладзімер Набокаў, які сам быў ягоным уладальнікам ажно да таго моманту, як атрымаў амэрыканскае грамадзянства. Але і зрабіўшыся паўнавартасным амэрыканцам, пісьменьнік не перастаў згадваць сваё колішняе жыцьцё з праклятай паперкай — столькі пакутаў яна прынесла яму і іншым эмігрантам. «У 1938 годзе францускі консул груба адмовіўся праштампаваць мой пажоўклы, колеру марской зелені нансэнаўскі пашпарт...» — з горыччу прыгадвае герой набокаўскага апавяданьня «Узор размовы». Нансэнаўскі пашпарт — такі самы сталы адмоўны пэрсанаж у набокаўскай творчасьці, як Зыгмунд Фройд або расейскі пашляк. Гэта ж трэба так дапячы пісьменьніку...

Што ні кажы, а чалавеку, імем якой назвалі злавесны аўсвайс, было б дужа крыўдна пачуць такое — бо мэты ў яго былі высакародней няма куды. Знакаміты на ўвесь сьвет палярны дасьледчык Фрыт’ёф Нансэн, у 1922 годзе — камісар Лігі нацый у справах уцекачоў, шчыра верыў у тое, што распрацаваны ім дакумэнт дапаможа мільёнам ахвяраў першай сусьветнай вайны і бальшавіцкай рэвалюцыі неяк уладкавацца на чужыне. 5 ліпеня 1922 году канфэрэнцыя Лігі нацый зацьвердзіла пашпарт Нансэна. Маючы яго, уцекачы маглі вольна перамяшчацца па краінах, што падпісалі адпаведную канвэнцыю, і жыць там, не баючыся ў любы момант быць высланымі на радзіму. Яны ўжо не былі асобамі без грамадзянства — якая-ніякая, а абарона. Нансэнаўскі пашпарт прызнавалі больш за паўсотні краін, яго мелі такія знакамітасьці, як Ігар Стравінскі, Арыстотэль Анасіс і Марк Шагал... Некаторыя з эмігрантаў дажылі зь ім да канца дваццатага стагодзьдзя, а Міжнародны Офіс Нансэна ўжо пасьля сьмерці нарвэжца атрымаў Нобэля за заслугі ў распаўсюдзе ратавальнага дакумэнта.

І ўсё ж, і ўсё ж... Гісторыя нансэнаўскага пашпарту — пацьверджаньне адной вельмі невясёлай ісьціны. Нават самая дэмакратычная дзяржава ў асобе сваіх законапаслухмяных і непадкупных чыноўнікаў заўжды будзе ставіцца з паталягічным падазрэньнем да чалавека, які пакінуў радзіму і не «прыпісаны» хаця б да нейкага, хай сабе паскудненькага, хай нават ушчэнт таталітарненькага, хай нават самага пагарджанага у сьвеце гаспадарства. Бо ва ўсім мусіць быць парадак — а ўцекачу веры няма: так было, так ёсьць і будзе, таму даставай з шырокіх штанін і не адводзь вачэй, умоўна ты ўсё ж вольны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG