Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Споўніўся год «швэдзкаму плюшаваму дэсанту», які патрабаваў свабоды слова ў Беларусі. Як склаліся лёсы ўдзельнікаў той гісторыі?

Год таму ў Беларусь зь Літвы заляцеў швэдзкі самалёт, зь якога над мястэчкам Івянцом і над ускраінай Менску раскідалі плюшавых мішак з плякацікамі за свабоду слова ў Беларусі. Празь дзень фота з гэтымі мішкамі зьмясьціў на сваім сайце студэнт інстытуту журналістыкі БДУ Антон Сурапін. Неўзабаве супрацоўнікі КДБ арыштавалі яго і пратрымалі ў ізалятары КДБ «Амэрыканка» амаль месяц. Сьледчыя шукалі тых, хто дапамог швэдам перасекчы мяжу і быў, паводле іхняй вэрсіі, датычны да арганізацыі гэтай акцыі.

Нават цяпер, калі расьсьледаваньне завяршылася і з Антона Сурапіна зьнялі абвінавачаньні, малады журналіст памятае пра падпіску аб неразгалошваньні і адмаўляецца распавядаць пра акалічнасьці справы. Але ў сваіх дзеяньнях ня каецца: «Амаль усё я рабіў правільна. Калі б сёньня тое самае было, а сёньня раўнютка гадавіна, мяркую, тое самае б зрабіў. Таксама б апублікаваў здымкі».

Што да вартасьці самой акцыі швэдаў, Антон Сурапін збольшага яе падтрымлівае, бо лічыць, што свабоды друку ў Беларусі не хапае. Размаўляць пра знаёмую дзяўчыну з Івянца, якая даслала Антону здымкі плюшавых мішак і потым, паводле некаторых зьвестак, была дапытаная КДБ, Антон Сурапін адмовіўся. Антон вучыцца далей на журфаку і паралельна працуе дзеля свайго сайту фотанавінаў.

Антон Сурапін пасьля вызваленьня ў турмы КДБ




Больш за месяц у «Амэрыканцы» паводле падазрэньня ў дапамозе парушальнікам мяжы са Швэцыі адбыў і менскі рыэлтар Сяргей Башарымаў. Яго, як і Антона Сурапіна, днямі КДБ праінфармаваў, што крымінальны перасьлед адносна яго спынены. Раней Сяргей Башарымаў адмаўляўся кантактаваць з журналістамі, не ўдалося зь ім пагаварыць і цяпер. Маці маладога чалавека Людміла паведаміла, што ў яго цалкам аднавілася ранейшае жыцьцё: тая ж праца, зноў сустракаецца з той жа дзяўчынай, адно што зьявіліся праблемы са здароўем.

Зьвязваць іх з сынавай адседкай у турме КДБ яна не бярэцца, але лічыць сына хутчэй ахвярай швэдзкай акцыі: «Варта ім было гэта рабіць ці ня варта, ня ведаю. У мяне ня можа на гэты конт быць аб’ектыўнай думкі, бо мой сын ад гэтага пацярпеў. Навошта мне гэта было патрэбна?»

Пілёта Томаса Мазэці, які кіраваў швэдзкім самалётам падчас незаконнага палёту над Беларусьсю, мой званок засьпеў у Швайцарыі. Падсумоўваючы акцыю, якой сёньня споўніўся год, Томас Мазэці сказаў карэспандэнту Свабоды: «Гэта насамрэч цяжка падсумаваць, але мы мяркуем, што шмат людзей пратэстуюць супроць несвабоды слова ў Беларусі і мы толькі адзінкі з тых, хто за гэта змагаецца. Я веру, што Беларусь будзе добрым месцам».



На думку Томаса Мазэці, крымінальная справа, якую завялі ў Швэцыі адносна незаконнага перасячэньня беларускай мяжы самалётам, якім ён кіраваў, яшчэ не завершаная. «Швэцыя — вельмі павольная краіна», — зазначыў пілёт. У працы самога Мазэці нічога істотна не зьмянілася. Са зьменаў у асабістым жыцьці — ён ажаніўся з Ханай Лінай Фрэй, якая ў «плюшавым дэсанце» была за другога пілёта. У іх нарадзіўся сын.

Кіраўнік швэдзкай рэклямнай агенцыі Studio Total Пэр Кромвэл, які, паводле ягонага прызнаньня, задумаў акцыю, сказаў Свабодзе, што яны дагэтуль атрымліваюць зь Беларусі званкі і электронныя пасланьні з пагрозамі:

«Нам невядома, хто гэтыя людзі. Але яны выказваюць нязгоду з палётам і апраўдваюць дзеяньні Лукашэнкі».

Вядома, што беларускі бок патрабаваў, каб швэды прыехалі ў Беларусь і патлумачылі свой учынак, але тыя адмовіліся.

28 ліпеня КДБ паведаміў, што расьсьледаваньне справы аб плюшавым дэсанце завершанае. Ці азначае гэта, што яе неўзабаве перададуць у суд? Альбо яе закрылі і здалі ў архіў? 4 ліпеня супрацоўніца прэсавай службы КДБ адмовілася адказваць на гэтае пытаньне, спаслаўшыся на тое, што яна не ўпаўнаважаная, а кіраўнік прэсавай службы Артур Стрэх у адпачынку.

Яшчэ адзін «фігурант» справы аб «плюшавых мядзьведзіках» — свабода друку ў Беларусі. Ці стала зь ёю лепш за мінулы год, пытаюся ў кіраўніцы БАЖ Жанны Літвіной: «Нашы традыцыйныя праблемы захоўваюцца, і, на жаль, зьменаў да дэмакратызацыі мы не назіраем і, верагодна, назіраць ня будзем».

Паводле Жанны Літвіной, у чэрвені БАЖ зьвярнуўся да кіраўніцтва КДБ з просьбай патлумачыць сытуацыю з крымінальным перасьледам журналіста Антона Сурапіна, але адказу так і не атрымаў.
XS
SM
MD
LG