Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сымбалічны візыт Мадуры


Нікалас Мадура, архіўнае фота

Нікалас Мадура, архіўнае фота

Нягледзячы на зьмену палітычнага кіраўніцтва ў Вэнэсуэле, курс гэтай краіны ў дачыненьнях зь Беларусьсю застанецца ранейшым. І Каракас, і Менск будуць працягваць супрацоўніцтва як у палітычнай, так і эканамічнай сфэры. Менавіта на гэтым акцэнтавалася ўвага падчас знаходжаньня ў Беларусі новага прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаласа Мадуры.

Нікалас Мадура прыбыў у Беларусь з афіцыйным візытам прыканцы сутак 2 ліпеня праз Маскву. Як паведаміла Інтэрфаксу крыніца ў атачэньні вэнэсуэльскага прэзыдэнта, былога супрацоўніка ЦРУ Эдварда Сноўдэна на прэзыдэнцкім борце не было.

«Мне цяжка казаць пра гэтыя кансьпіралягічныя рэчы», — прызнаецца беларускі палітоляг Андрэй Ягораў:

«Але тое, што Мадура заляцеў у Менск, — гэта натуральна ў тых стасунках, якія склаліся паміж Лукашэнкам і папярэднікам Мадуры. Яны абодва ўваходзілі у такі ўсясьветны дыктатарскі інтэрнацыянал. І таму візыт у Менск мае сымбалічнае значэньне як для Мадуры, так і для беларускага дыктатара».

3 ліпеня Мадура разам зь яшчэ адным прэзыдэнтам — Лаосу, Цюмалі Сайнясонам — у якасьці ганаровых гасьцей назіралі за вайсковым парадам з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасьці Беларусі. Дарэчы, на галаве ў Мадуры была белая кепка-бэйсболка з надпісам «Белая Русь». А пасьля кіраўнікі Вэнэсуэлы і Беларусі абмеркавалі праблемы супрацоўніцтва, найперш эканамічнага.

«Ім было пра што гаварыць, таму што гэтая супраца пачала значна скарачацца яшчэ пры Чавэсу», — сказаў «Свабодзе» эканаміст Сяргей Чалы:

«Ня так многа там засталося цікавых праектаў. Вельмі многа было завязана на схему пастаўкі вэнэсуэльскай нафты. Але яны амаль спыніліся, паколькі нам цяжка было разьлічвацца жывымі грашыма. Мы разьлічваліся паслугамі, уключаючы геоляга-выведчыя работы, будаўніцтва, пастаўкі некаторых тавараў ды іншым.

Пасьля таго як гэтаясхема страціла актуальнасьць, усё, што на яе было „навешана“, таксама зьнікла. І цяпер там засталося зусім нямнога».

«Беларусі патрэбна пераглядаць свае эканамічныя дачыненьні з Вэнэсуэлай, гэтаксама як і Вэнэсуэле зь Беларусьсю», — упэўнены дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:

«Бо калі мы глядзім на афіцыйныя дадзеныя, то выглядае так, што мы вельмі многа страцілі на гандлі з Вэнэсуэлай. Толькі па нафце — больш за мільярд даляраў, калі параўноўваць кошты на нафту ў Вэнэсуэле і ў Расеі.
У стасунках з Вэнэсуэлай галоўным стане пытаньне запазычанасьці — як і калі мы яе будзем аддаваць і ці будзем рабіць гэта ўвогуле

Але з другога боку, ужо некалькі разоў зь некалькіх крыніц чутно пра нашу запазычанасьць Вэнэсуэле. Калі гэта так, то вялікае пытаньне, як мы гэтыя грошы аддаваць будзем. І таму ў стасунках з Вэнэсуэлай галоўным стане пытаньне вось гэтай запазычанасьці — як і калі мы яе будзем аддаваць і ці будзем рабіць гэта ўвогуле».

Што тычыцца палітычнага супрацоўніцтва Менску і Каракасу, то яно застанецца ранейшым, хоць нельга выключаць і нейкія карэктывы, лічыць Андрэй Ягораў:

«Гэта будзе залежаць ад унутранай сытуацыі ў Вэнэсуэле і той палітыкі, якую будзе праводзіць Мадура. Важна, у чым ён будзе бачыць свае выгоды і прагматыку. Бо ўсё-такі ў такіх пэрсаналіцкіх рэжымах вельмі шмат што залежыць ад асобы, якая стаіць на чале дзяржавы. І таму тая прагматыка, якая будзе бачыцца Мадуру як найбольш выгодная для сябе, і будзе дыктаваць умовы стасункаў зь Беларусьсю. Таму яны, напэўна, будуць пераглядацца. Але, мне здаецца, асноўны трэнд застанецца, хутчэй за ўсё, такім, якім быў раней».
XS
SM
MD
LG