Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст незарэгістраванай Нацыянальна-бальшавісцкай партыі Беларусі Дзяніс Сахар паведаміў Свабодзе, што 4 ліпеня ў судзе Кастрычніцкага раёну адбудзецца суд над сябрам арганізацыі Зьмітром Паліенкам і прыхільнікам Дзянісам Гаўрыкавым.

Траіх актывістаў НБП міліцыянты ў цывільным затрымалі ўчора на выхадзе з гіпэрмаркету «Гіппа» на праспэкце Жукоўскага. Прычына — нібыта адбыўся крадзеж і хлопцы зьнешне падобныя да злодзеяў.

У РУУС Кастрычніцкага раёну, куды прывезьлі хлопцаў, былі складзеныя пратаколы паводле артыкулу 17.1 КоАП. Актывістам інкрымінавалі дробнае хуліганства, абвінаваціўшы ў тым, што яны лаяліся ў публічным месцы.

Аднаго з актывістаў, непаўналетняга Аляксандра Палякова, неўзабаве адпусьцілі. Хлопец распавёў Свабодзе, што міліцыянты прымусілі яго падпісаць пратакол.

«Калі выходзілі з крамы, нечакана трое міліцыянтаў у цывільным схапілі нас, пасадзілі ў аўтобус, павезьлі ў РУУС. Пакуль сядзелі перад кабінэтам, міліцыянты запыталіся, ці ёсьць у нас улёткі. Пасьля пачалі абвінавачваць у тым, што мы лаяліся матам, хаця мы гэтага не рабілі. Адкаталі ва ўсіх адбіткі пальцаў, на кожнага склалі пратакол за тое, што мы нібыта былі п’яныя, абражалі людзей. Прысутнічаў супрацоўнік КДБ, які прымушаў падпісаць пратакол. Ну мы падпісалі. У выніку мяне як непаўналетняга адпусьцілі, а сябрам маім суткі, хутчэй за ўсе, дадуць».

Суд над Зьмітром Паліенкам і Дзянісам Гаўрыкавым адбудзецца 4 ліпеня а 9 гадзіне ў судзе Кастрычніцкага раёну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG