Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія каштоўнасьці: карт-блянш для Ўкраіны і воўчы білет для Беларусі


У Кіеве знаходзіцца група беларускіх журналістаў. Прадстаўнікі незалежных выданьняў з розных рэгіёнаў Беларусі запрошаныя да дыскусіі на тэму «Агульныя каштоўнасьці ў эўрапейскім кантэксьце».

Ці ўдасца Ўкраіне інтэгравацца ў эўрапейскую сям’ю народаў, альбо Масква здолее схіліць Кіеў на свой бок?

І ці ёсьць у беларусаў шанцы стаць не намінальнай, а рэальнай эўрапейскай адзінкай?


Лістападаўскі саміт «Эўрапейскага партнэрства» у Вільні можа стаць гістарычным для Ўкраіны. Афіцыйны Кіеў спадзяецца, што падчас працы форуму будзе падпісанае пагадненьне аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам. Як заявіў прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч, дамова па сваім зьмесьце ня мае аналягаў — дагэтуль стасункі зь іншымі дзяржавамі не будаваліся паводле схемы, якая мае на ўвазе адаптацыю ўнутранага заканадаўства да законаў Эўразьвязу. Калі задуму рэалізаваць удасца, гэта адчыніць Украіне шлях да вядзеньня паўнамаштабнага супрацоўніцтва з краінамі зьвязу, што, у сваю чаргу, будзе спрыяць эканамічнаму росту і падвышэньню дабрабыту насельніцтва.

Аднак пляны могуць так і застацца на паперы. З аднаго боку, цяперашнія ўлады дэманструюць непасьлядоўнасьць у захаваньні дэмакратычных прынцыпаў — Эўропу турбуе сытуацыя з асуджанай экс-кіраўніцай ураду Юліяй Цімашэнкай.



Зь іншага боку, кіраўніцтва Расеі заваблівае Ўкраіну сяброўствам у Мытным саюзе, ЭўрАзЭС ды іншых наднацыянальных канструкцыях. Нейкі час таму схільнасьць да саюзных структураў дэманстраваў і прэзыдэнт Януковіч, аднак цяпер пазыцыі кардынальна зьмяніліся. Чаму?

Меркаваньне выказвае дэпутат Вярхоўнай Рады, сябра праўладнай фракцыі «Партыі рэгіёнаў», Міхаіл Апанашчанка. Ён сустрэўся зь беларускімі журналістамі ў галаўным офісе палітычнага аб’яднаньня, які месьціцца ў гістарычным будынку ў цэнтры Кіева:

«Ведаеце, мы не ставім пытаньне — ці адно, ці іншае. То бок, такая пастаноўка пытаньня не стаіць — ці Эўрапейскі зьвяз, ці тая формула 3+1, якая зараз ёсьць з Мытным саюзам. Не стаіць пытаньне, што мы праціўнікі, дапусьцім, Мытнага саюзу ці ўдзелу і падпісаньня пагадненьня з Эўразьвязам. Апошняе не выключае магчымасьці супрацоўніцтва з Мытным саюзам. Запэўніваю, што там няма ўзаемавыключальных фактараў. Таму я не ставіў бы пытаньне, сыходзячы з пазыцыі — ці так, ці так».

Разам з тым, нават праўладныя функцыянэры лічаць аб’ектыўным той фактар, што супрацоўніцтва з Эўразьвязам нясе куды больш матэрыяльнай і маральнай выгоды, чым інтэграцыйныя схемы ў межах былога СССР. Працягвае Міхаіл Апанашчанка:

«А тое, што мы ўзялі курс і цяпер адаптуем сваё заканадаўства, бяром добрыя эўрапейскія каштоўнасьці — скажам, падвышэньне стандартаў жыцьця, прынялі шэраг законапраектаў, накіраваных на барацьбу з карупцыяй — дык мы толькі пераймаем пазытыўны досьвед у сваім разьвіцьці на шляху падпісаньня гэтага дакумэнту. Тое, што мы адаптуем сваё падатковае заканадаўства, мытнае заканадаўства дзеля таго, каб можна было стварыць бязьвізавы рэжым для грамадзянаў, дзеля таго, каб можна было стварыць умовы для наладжваньня эканамічных адносінаў і ўключэньня ў таваразварот — то курс узяты менавіта такі. То бок адаптаваць заканадаўства дзеля таго, каб можна было наладзіць ўзаемаадносіны, падпісаць пагадненьне з Эўразьвязам. Зараз пра гэта размова. Але я б падкрэсьліў: не стаіць пытаньне радыкальна — ці толькі так, ці так».

Як лічыць журналіст, кансультант у піяр-тэхналёгіях Міхаіл Падаляк, дэпартаваны за матэрыялы з крытыкай беларускіх уладаў ва Ўкраіну ў 2004 годзе, калі Кіеў мае тэарэтычныя шанцы трапіць у зону ўплыву Эўразьвязу, то Беларусь пры існуючым рэжыме будзе і надалей заставацца на эўрапейскіх выселках:

«Не выклікае сумневу, што Ўкраіна і Беларусь — гэта дзьве вялікія розьніцы. Проста гіганцкія розьніцы. Беларусь ня мае традыцый дыялёгу ў прынцыпе, наогул. Ва Ўкраіне да 2004 году, да выбарчай кампаніі Віктара Юшчанкі, гісторыя дыялёгу была таксама дастаткова складаная, але ў любым выпадку ён быў. Тут заўсёды была традыцыя парлямэнцкай апазыцыі, заўсёды была традыцыя магутнай вулічнай апазыцыі — згадайце, што пасьля 2004-га апазыцыя ўвогуле стала ўладай. Эфэктыўнасьць той улады, канечне, можна было паставіць пад сумнеў, бо Юшчанка перш за ўсё аказаўся неэфэктыўным мэнэджэрам. Ён быў эфэктыўным трыбунам нейкі час, але потым аказаўся неэфэктыўным мэнэджэрам».

На думку спадара Падаляка, узровень палітычнай альтэрнатывы ва Ўкраіне і ў Беларусі непараўнальны практычна ні па адным парамэтры. З гэтага вынікае, што шанцы на паразуменьне з Эўропай у Беларусі мізэрныя:

«Ва Ўкраіне заўсёды былі альтэрнатыўныя палітычныя цэнтры, а таксама альтэрнатыўныя палітычныя грошы — унутраныя, ня зьнешнія. У Беларусі нічога падобнага няма ў прынцыпе. І быць ня можа на сёньняшні дзень, бо, на вялікі жаль, традыцыі такой няма. Таму праблемы Беларусі ў тым, што ўсе альтэрнатыўныя палітычныя групы ад 1994 году ніяк не інтэграваныя ў прыняцьці якіх-небудзь рашэньняў на якім-небудзь узроўні. А гэта поўная дыскваліфікацыя. Тут не праблема асабістых якасьцяў людзей, а праблема ў тым, што гэтыя хлопцы амаль што 20 гадоў дэзынтэграваныя, яны па-за сыстэмай. А калі чалавек не сыстэмны практычна 20 гадоў, то зразумела, што ніякай рэальнай вагі ён мець ня можа».

У той час, як Беларусь страчвае пазыцыі на эўрапейскай арэне, Украіна мае рашучасьць умацаваць сваю прысутнасьць на Захадзе. Ці рэалізуюцца чаканьні — будзе зразумела пасьля таго, ці выкананае Кіеў вылучаныя патрабаваньні з боку Эўразьвязу. Сярод іх — вызваліць з турмы аднаго зь лідэраў апазыцыі Юлію Цімашэнку, правесьці эканамічныя і заканадаўчыя рэформы і г.д.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG