Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад гэтым Мадура пабываў зь візытам у Маскве.

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура правядзе ў Менску перамовы зь кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Ён прыбыў у Беларусь з афіцыйным візытам увечары 2 ліпеня.

Як паведаміла Інтэрфаксу крыніца ў атачэньні вэнэсуэльскага прэзыдэнта, былога супрацоўніка ЦРУ Эдварда Сноўдэна на прэзыдэнцкім борце няма.

Паводле крыніцы, прэзыдэнт Мадура ня можа ўзяць з сабой Сноўдэна, бо для гэтага нават няма тэхнічнай магчымасьці: амэрыканскі грамадзянін знаходзіцца ў іншым аэрапорце.

Прэзыдэнт Мадура раней заявіў, што Сноўдэн не зьвяртаўся да Вэнэсуэлы па палітычны прытулак.

Між тым, пакідаючы Маскву Мадура паабяцаў прыняць канчатковае рашэньне адносна Сноўдэна пасьля вяртаньня ў Каракас.

У інтэрвію тэлеканалу Russia Today ў аэрапорце «Внуково» Мадура паабяцаў прыслухацца да міжнароднай супольнасьці, перш чым дапамагчы Сноўдэну. На завяршэньне тэмы прэзыдэнт Вэнэсуэлы пажартаваў: «Мне пара, мяне Сноўдэн чакае».

Раней Мадура ахарактарызаваў ўчынак Сноўдэна як подзьвіг: «Я дакладна ведаю, што гэта подзьвіг мяцяжу і бунту супраць тых, хто хоча кантраляваць увесь сьвет».

Тым часам МЗС Беларусі напярэдадні візыту прэзыдэнт Вэнэсуэлы заявіў, што Сноўдэн не прасіў палітычнага прытулку ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG