Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства аховы здароўя Эгіпту паведамляе пра гібель па меншай меры 16 чалавек у выніку сутыкненьняў прыхільнікаў прэзыдэнта Мурсі з паліцыяй у Каіры. Яшчэ каля 200 чалавек параненыя.

Дзьве шматтысячныя дэманстрацыі прыхільнікаў і праціўнікаў прэзыдэнта Мурсі праходзяць у розных раёнах Каіра. Буйныя дэманстрацыі адбыліся ў Александрыі.

Раней прэзыдэнт Эгіпту ў вячэрнім 45-хвілінным тэлезвароце заявіў, што не прымае ультыматум, прапанаваны вайсковым камандаваньнем краіны, які 1 ліпеня даў 48 гадзін на ўрэгуляваньне палітычнага крызысу.

Тэрмін ультыматуму сканчаецца ў сераду а 18-й гадзіне паводле менскага часу. Вайскоўцы патрабуюць, каб Мурсі і ягоныя праціўнікі да таго часу дамовіліся. У адваротным выпадку вайскоўцы заяўляюць пра намер ператварыць у жыцьцё свой уласны плян.

Паводле агенцтва Ройтэрс, вайскоўцы плянуюць прыпыніць дзеяньне эгіпецкай канстытуцыі і ўсталяваць часовую адміністрацыю да правядзеньня датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў.

На вуліцы Каіру 2 ліпеня выйшлі дзесяткі тысяч праціўнікаў і прыхільнікаў эгіпецкага прэзыдэнта Махамада Мурсі. Апазыцыя патрабуе ад Мурсі сысьці ў адстаўку і прызначыць новыя прэзыдэнцкія выбары.

Праціўнікі кансэрватара Мурсі лічаць, што ён прыцясьняе дэмакратычныя свабоды і праводзіць курс на ісламізацыю палітычнага жыцьця, перадае BBC.
XS
SM
MD
LG