Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадура і Лукашэнка. «Сяброўства пацаноў з аднаго двара»


Мадура і Лукашэнка. «Сяброўства пацаноў з аднаго двара»
Мадура і Лукашэнка. «Сяброўства пацаноў з аднаго двара»

Супрацоўнік расейскай службы Радыё Свабода, экспэрт у справах Лацінскай Амэрыкі Аляксандар Госьцеў прапануе свае назіраньні за сытуацыяй ў Вэнэсуэле і свой аналіз цяперашняга замежнага турнэ Нікаласа Мадуры.

Сёньня прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура наведвае Маскву, ён бярэ ўдзел у саміце краін-экспартэраў газу, сустракаецца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, наведвае Дзяржаўную Думу РФ. З расейскай сталіцы кіраўнік Вэнэсуэлы накіроўваецца ў Менск.

Супрацоўнік расейскай службы Радыё Свабода, экспэрт у справах Лацінскай Амэрыкі Аляксандар Госьцеў прапануе свае назіраньні за сытуацыяй ў Вэнэсуэле і свой аналіз цяперашняга замежнага турнэ Нікаласа Мадуры.

«Рондальныя бунты» супраць фаервэркаў

Масавыя пратэсты супраць сапраўдных ці ўяўных фальсыфікацый на выбарах, якія былі ў красавіку, сышлі на нішто. Некалькі тыдняў у Вэнэсуэле працягваліся «рондальныя бунты» — фірмовая лацінаамэрыканская форма пратэсту, калі людзі выходзяць на вуліцы ці ў двары дамоў і грукаюць у рондалі. Дык вось прыхільнікі апазыцыі грукалі ў рондалі, а прыхільнікі Мадуры адказвалі ім запускам фаервэркаў.

Але гэта хутка скончылася. Апазыцыя сышла ў цень, выкарыстоўвае кутузаўскую тактыку чаканьня — праводзіць канфэрэнцыі, агітацыйную працу, але масавых выступаў няма, няма нават заклікаў да іх.

Ворагі скупілі паперу для прыбіральні

Зараз там сэзон дажджоў. Уся энэргетыка краіны залежыць ад ГРЭС, засуха — гэта заўсёды дэфіцыт энэргіі. Зараз народ больш задаволены, сьвятло ў кватэрах не выключаецца, мэтро працуе. Зь іншага боку, у такой багатай прыроднымі рэсурсамі краіне ў некаторых правінцыях ўвялі карткі на харчаваньне. Бо ўзьнік дэфіцыт прадуктаў. Дзіўна чуць такое пра краіну, дзе здымаюць 2-3 ураджаі на год, але гэта ёсьць.

Вялікі крызіс узьнік з паперай для прыбіральні. Апошнія два месяцы генпракуратура распавядала пра гучныя справы супраць спэкулянтаў паперай для прыбіральні. Паліцыя знайшла таемны склад паперы для прыбіральні, зроблены арганізаванымі злачыннымі групоўкамі, якія, зразумела, дзейнічалі ў інтарэсах «зьнешніх ворагаў Вэнэсуэлы» і скупілі ўсю паперу для прыбіральні.


Чаканьне Масквы і Арэхавая заля замест Гербавай

Нікалас Мадура, прыляцеўшы ў Маскву, сказаў, што адчуў цёплую ўвагу сяброў, як і яго старэйшы брат і камандантэ Ўга Чавэс. Зараз Мадура разам з Пуціным ганарова адкрываюць у Маскве вуліцу імя Ўга Чавэса. Але калі глядзець на стылістыку і сымболіку візыту, то варта прыгадаць, што калі Чавэс прылятаў у Маскву, яго ў Дзярждуме прымалі ў галоўнай Гербавай залі. Сёньня Мадура сустракаецца з дэпутатамі ў Арэхавай залі, якая ў 3 разы менш. На сустрэчу з Чавэсам прыходзіла 60 дэпутатаў, на сустрэчу з Мадурам прыйшло 6.

Зараз Масква спрабуе зразумець, што ж адбылося ў Вэнэсуэле — зьмена ці пераемнасьць улады. У Маскве хочуць зразумець, ці будзе Мадура лявіраваць паміж Масквой і Вашынгтонам, у якой ступені ён будзе арыентавацца на Гавану, наколькі моцныя яго пазыцыі.

Мадура даў вельмі шмат абяцаньняў, што ён да дробязяў працягне курс Чавэса. Ён у пэўным сэнсе стаў іх закладнікам. Яму будзе складана нешта мяняць, нават калі ён гэта хоча.

У Маскве Мадура сказаў, што ляціць у Менск дамаўляцца пра пастаўкі ў Вэнэсуэлу «найлепшай у сьвеце сельскагаспадарчай тэхнікі».

Сяброўства пацаноў з аднаго двара

Сяброўства паміж Беларусьсю і Вэнэсуэлай — гэта сяброўства лідэраў. Я мяркую, што большасьць беларусаў і вэнэсуэльцаў наўрад ці пакажуць кропку на глёбусе, дзе знаходзіцца краіна-сябар. Гэта сяброўства пацаноў з аднаго двара. Гэта ўпэўніваньне сябе ў тым, што існуе ланцуг такіх жа вялікіх дзяржаваў: Іран, Куба, Паўночная Карэя. Я мяркую, што Лукашэнка і Мадура знойдуць агульную мову. Бакі столькі гадоў казалі пра вечнае сяброўства, што цяжка нешта зьмяніць. Зьнешне Мадура — мажны, высокі для лацінаамэрыканца мужчына, былы кіроўца аўтобуса з пышнымі вусамі. Ён ня можа не спадабацца беларускай палітычнай эліце. Ёсьць і эканамічны інтарэс. Сельская гаспадарка ў Вэнэсуэле — у развале, так што патрэба сельскагаспадарчай тэхніцы сапраўды ёсьць. Напэўна пойдзе размова пра шчыльную супрацу беларускіх і вэнэсуэльскіх спэцслужбаў, бяз гэтага яны не абыходзяцца.

«Наш хлопец, сапраўдны рэвалюцыянэр»

Яшчэ адзін сюжэт сусьветнай палітыкі, які можа быць зьвязаны з візытам Мадуры. Гэта справа Эдварда Сноўдэна, які знаходзіцца ў транзытнай зоне аэрапорту Шарамецьцева. Сёньня Мадуру журналісты спыталі, ці зьвяртаўся Сноўдэн да Каракаса з просьбай пра прытулак. Яго наўпрост спыталі, ці не ўвязе ён Сноўдэна з сабой.

На апошняе пытаньне Мадура з усьмешкай адказаў, што ўвязе з Масквы запэўніваньні ў вечным сяброўстве і прыемныя шматгадовыя кантракты ў газавай сфэры.

Цікава, што яшчэ тыдзень таму Мадура казаў, што Сноўдэн — «таленавіты чалавек, які выкрывае сусьветную змову выведак імпэрыялістычных дзяржаваў». «Гэта наш хлопец, сапраўдны рэвалюцыянэр» — сказаў тады Мадура. Хаця пэўных высноваў я б з гэтага не рабіў.

Ці Мадура пакіне Сноўдэна Лукашэнку?

Я ня ўпэўнены, што Мадура наагул увязе Сноўдэна з Масквы. Але навошта Мадуру пакідаць Сноўдэна ў Беларусі? Хіба пацанскае жаданьне паказаць фігу ўсяму сьвету. Гэта ўжо будзе нейкі бурлеск, які насьмяшыць увесь сьвет.

Супрацоўнік расейскай службы Радыё Свабода, экспэрт у справах Лацінскай Амэрыкі Аляксандар Госьцеў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG