Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Скандал у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасьці: масавыя звальненьні


Копія заявы

Копія заявы

Калектыў Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці заяўляе, што ўлады за некалькі месяцаў разбурылі ўнікальную сыстэму інтэлектуальнай уласнасьці. З установы звольніліся работнікі.

Адпаведная заява зьмешчаная на сайце ўстановы.

«Мы ня ведаем, да чаго мы прыйдзем, але пастараемся адрадзіць тое, што наша краіна будавала на працягу больш як дваццаці гадоў і практычна разбурыла за некалькі месяцаў, палічыўшы, што ў мэтах аптымізацыі сыстэмы дзяржаўных органаў і іншых арганізацыяў разумным зьяўляецца пазбавіць спэцыялістаў патэнтнага органа статусу дзяржаўных служачых...

Мы будзем працягваць гаварыць пра ўнікальнасьць беларускай сыстэмы інтэлектуальнай уласнасьці і людзей, якія яе фармуюць... Мы губляем наш кадравы патэнцыял, паколькі, аддаўшы многія гады службе нашай дзяржаве, спэцыялісты патэнтнага ведамства вымушаны шукаць іншай працы на іншых дзяржаўных пасадах, у іншых арганізацыях, якія дазволяць нам хаця б захаваць той узровень заработнай платы, які, і так невысокі, дазваляў утрымліваць іхнія сем’і.

Мы спадзяемся, што ўсе, хто звольніўся 28 чэрвеня 2013 году ў сувязі з адмовай ад працягу працы ў зьмененых умовах, хутка вернуцца. Вар’яцтва ня можа цягнуцца доўга. А ці ж не вар’яцтва, калі ў арганізацыі не застаецца кіраўніка і тых асобаў, якія побач зь ім прымаюць патрэбныя дзяржаве рашэньні...»

У лісьце паведамляецца, што 19 красавіка 2013 году ў Адміністрацыю прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь быў накіраваны зварот за подпісамі 140 чалавек.

Супрацоўнік Цэнтра Інтэлектуальнай уласнасьці распавёў Радыё Свабода:

«У чэрвені звольнілася 23 чалавекі. Гэта толькі тое, што я ведаю. У адпаведнасьці з указам прэзыдэнта нас з 1 ліпеня ўсіх пазбавілі дзяржслужбы. Нашае матэрыяльнае становішча пагоршылася ў каго ў паўтара, у каго ў два разы. У кантракце напісана, што калі становішча пагоршылася, супрацоўнікі маюць права перараваць кантракт. Вось супрацоўнікі і пазвальняліся, і кіраўніцтва пазвальнялася. Мелі поўнае права. Камітэт па навуцы і тэхналёгіях (вышэйшая інстанцыя — рэд.) ніякіх мераў не прымаў. Таму ў нас цяпер няма аніводнага зама, ані дырэктара. Мы проста добрасумленна працуем. Няма каму камэнтаваць. Сышлі людзі, у іх сем’і, дзеці. У нас заробак у вядучага інжынера 2 мільёны 700 тысяч была. А калі яшчэ пагоршыць, дык што гэта?!»


Юры Лукашэвіч, прэс-сакратар Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналёгіях: «Нічога крытычнага не адбываецца. Сытуацыя пад кантролем. На сёньня, 2 ліпеня, у НЦІУ ёсьць кіраўнік. Выканальнік абавязкаў дырэктара прызначаны загадам Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналёгіях. Гэта Броўкін Пётар Мікалаевіч. Чалавек ён дасьведчаны, падрыхтаваны, вяртаецца на тую ж сьцяжыну, зь якой і пачынаў. Апошняе месца ягонай працы — Савет міністраў.

І другое — цяпер дапрацоўваецца праект пастановы ўрада па пытаньнях аплаты працы работнікаў НЦІУ. Пакуль я не гатовы агучыць сумы, якія там закладзеныя, але падкрэсьлю, што значнае падвышэньне заработнай платы прадугледжанае. Мы хочам кампэнсаваць страты, якія яны панесьлі ў выніку пазбаўленьня статусу дзяржслужачага».

Лукашэвіч кажа, што да людзей ставіліся з разуменьнем, але дзейнічалі ў рамках паўнамоцтваў: «Прасілі пачакаць, бо дакумэнт знаходзіцца ў вышэйстаячай арганізацыі (Савет міністраў — рэд). Пакуль ён не падпісаны».

Юры Лукашэвіч ня ведае, колькі супрацоўнікаў НЦІУ звольнілася, але пацьвярджае, што звольніліся два намесьнікі дырэктара.
XS
SM
MD
LG