Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зісер: Кітай — ня ўзор у сфэры абароны інфармацыі


Справа Сноўдэна можа быць выкарыстаная, як нагода, каб узмацніць кантроль над інфармацыйнай прасторай Беларусі, — лічыць уласьнік парталу TUT.BY, экспэрт у сфэры інфармацыйных тэхналёгій Юры Зісер

Учора, выступаючы на ўрачыстым сходзе з нагоды афіцыйнага сьвята Дзень Рэспублікі, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка казаў пра небясьпеку «спробаў заснаваць усясьветную электронную дыктатуру» і пра жаданьне ўзмацніць супрацоўніцтва з Кітаем, каб абараняць кібэрпрастору Беларусі.

Ацэнку пагрозы і пэрспэктыву паглыбленьня супрацы з Кітаем у сфэры інфармацыйнай бясьпекі Радыё Свабода папрасіла пракамэнтаваць уласьніка парталу TUT.BY, экспэрта ў сфэры інфармацыйных тэхналёгій Юрыя Зісера.

Зісер: Я цалкам згодны з тым, што інфармацыйная бясьпека патрэбная і што ўсе дзяржавы «робяць гэта», а ня толькі ЗША. Любой дзяржаве цікава ведаць, што думаюць пра яе грамадзяне і што плянуюць наконт яе. Гэта цалкам натуральнае жаданьне. Усе займаюцца выведкай. І тое, што Сноўдэн абнародаваў — гэта невялічкая частка таго, што адбываецца на самой справе.

РС: А што вы можаце сказаць пра выкарыстаньне кітайскага досьведу ў супрацьдзеяньні гэтай пагрозе?

Зісер: Як мы можам скарыстаць кітайскі досьвед — я ня ведаю. Апошні раз пра кітайскі досьвед у інфармацыйнай сфэры гаварылася ў 2008 годзе, пра гэта казала намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч. Яна тады прыгадала досьвед Кітая, які перакрыў доступ да непажаданых замежных сайтаў.
Пазьней Беларусь трапіла ў сьпіс «ворагаў інтэрнэту» ў тым ліку і за гэтую фразу, якая ня мела ніякага працягу.

РС: Кітайскі досьвед больш вядомы firewall’ам — кітайскім мурам, які адгароджвае кібэрпрастору краіны ад зьнешняга інфармацыйнага ўзьдзеяньня. У той жа час праграмы, пра наяўнасьць якіх распавёў Сноўдэн, скіраваныя на збор інфармацыі ўнутры іншых краін. Хіба ў КНР ёсьць нейкія прасунутыя тэхналёгіі ў супрацьдзеяньні менавіта гэтаму, у абароне ўласнай інфармацыі?

Зісер: Так, наколькі добра Кітай клапоціцца пра абарону інфармацыі — гэта пытаньне. Так што тут трэба вызначыцца, які менавіта кітайскі досьвед.
Я ніколі ня чуў пра нейкія дасягненьні Кітаю ў сэнсе менавіта абароны ўласнай інфармацыі, а не абарону сваіх грамадзянаў ад непажаданай, з пункту гледжаньня ўладаў, інфармацыі. Амэрыканскія тэхналёгіі лепш за кітайскія. Можа, Ізраіль мае вышэйшыя за сярэднія ў сьвеце дасягненьні ў галіне абароны інфармацыі. Але не Кітай дакладна. Ня думаю, што Кітай — узор і лідэр у справе абароны сакрэтаў.

РС: А ці ня можа справа Сноўдэна быць выкарыстаная, як нагода, каб узмацніць кантроль над інфармацыйнай прасторай Беларусі?

Зісер: Цалкам магчыма. Таму чым менш загадзя падымаць паніку, тым менш імавернасьць увядзеньня абмежаваньняў.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG