Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ хоча наведаць палітвязьняў у беларускіх турмах


Moldova - OSCE, logo

Moldova - OSCE, logo

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ заклікала Беларусь неадкладна і безумоўна вызваліць і апраўдаць усіх палітычных зьняволеных, у тым ліку ўмоўна асуджаных і абмежаваных у свабодзе перамяшчэньня. А таксама забясьпечыць іх поўнае аднаўленьне ў грамадзянскіх і палітычных правах.

Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі, прынятай 2 ліпеня на пасяджэньні камітэту Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаньнях.

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ зноў заклікала беларускі ўрад дазволіць прадстаўнікам Асамблеі наведаць палітвязьняў у беларускіх турмах.

У рэзалюцыі асуджаецца абыходжаньне з палітвязьнямі, якія ўтрымліваюцца ў турмах па палітычна матываваных абвінавачаньнях і ў шмат якіх выпадках пазбаўленыя права на рэгулярныя сустрэчы з адвакатамі і сваякамі, а таксама зазнаюць іншае прыніжальнае для годнасьці абыходжаньне, раўнасільнае катаваньням.

Асамблея таксама заклікае беларускае кіраўніцтва скасаваць любыя абмежаваньні на перамяшчэньне ўмоўна асуджаных палітвязьняў, у тым ліку жонкі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і былога кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Дакумэнт таксама зьмяшчае заклік да афіцыйнага Менску аднавіць ліцэнзіі адвакатаў, якія былі іх пазбаўленыя ці мусілі пад ціскам выйсьці ў адстаўку за абарону прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзкіх актывістаў.

Аўтары рэзалюцыі заклікаюць улады спыніць ціск і перасьлед адносна прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, у прыватнасьці моладзевых арганізацыяў і рухаў, прафсаюзаў, незалежных СМІ і праваабаронцаў.

Ураду прапанавана «разгледзець магчымасьць правядзеньня істотных заканадаўчых рэформаў, каб прывесьці законы краіны ў адпаведнасьць з эўрапейскімі стандартамі, уключаючы ліквідацыю няроўнасьці ў разьмеркаваньні ўладных паўнамоцтваў на карысьць выканаўчай улады ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй краіны 1996 году, асабліва зважаючы пры гэтым на зьмяншэньне залежнасьці судовай сыстэмы ад органаў выканаўчай улады».

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ таксама заклікае скасаваць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).

У рэзалюцыі выказаны жаль з прычыны абмежаванага супрацоўніцтва ўраду Беларусі з шмат якімі інстытутамі АБСЭ, а таксама з рабочай групай ПА АБСЭ па Беларусі, якая не атрымлівала запрашэньняў наведаць краіну.

Як адзначаецца ў дакумэнце, парушэньні правоў чалавека ў Беларусі «па-ранейшаму носяць сыстэмны і эндэмічны характар».

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ заклікае ўлады Беларусі да «выкананьня сваіх абавязаньняў у рамках АБСЭ ў адносінах да свабоды сходаў і свабоды думкі і да лібэралізацыі заканадаўства і практыкі шляхам прадстаўленьня грамадзянам права на выяўленьне грамадзкага пратэсту як у інтэрнэце, так і праз іншыя каналы».

У рэзалюцыі гаворыцца пра неабходнасьць адмяніць усе ўжо вынесеныя ў Беларусі сьмяротныя прысуды і неадкладна прыступіць да працы па адмене сьмяротнага пакараньня, паведамляе БелаПАН.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG