Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сноўдэн ужо ня хоча Расеі. Іншыя краіны пакуль ня хочуць яго


Былы супрацоўнік ЦРУ Эдвард Сноўдэн адмовіўся ад намеру прасіць прытулку ў Расеі пасьля выступу Ўладзімера Пуціна ў панядзелак, заявіў прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў.

Напярэдадні Пуцін заявіў у тэлеэфіры, што для атрыманьня прытулку Сноўдэн павінен спыніць антыамэрыканскую дзейнасьць.

Пяскоў таксама заявіў, што выдача Сноўдэна ў ЗША, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне, немагчымая.

У сьпісе, апублікаваным на сайце WikiLeaks, фігуруюць 19 дзяржаваў, дзе Сноўдэн папрасіў прытулку.

У аўторак Польшча стала першай, якая адмовіла ў прытулку былому супрацоўніку амэрыканскай выведкі. «Паступіў ліст, які не адпавядае фармальным крытэрам заявы на прытулак. Але нават калі б і адпавядаў, я ня дам яму станоўчай рэкамэндацыі», — напісаў кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі ў сваім Twitter.

Прэзыдэнт Вэнесуэлы Нікалас Мадура, які прыбыў у Маскву з візытам, заявіў, што Сноўдэн пакуль не прасіў Вэнэсуэлу аб прадстаўленьні палітычнага прытулку.

МЗС Фінляндыі паведаміў, што запыт Сноўдэна на прадастаўленьне прытулку мог быць разгледжаны толькі ў тым выпадку, калі б ён знаходзіўся на тэрыторыі краіны. З падобнай заявай выступілі ўлады Ірляндыі.

Нарвэгія пацьвердзіла, што атрымала прозьбу Сноўдэна аб прытулку, аднак магчымасьці праверыць сапраўднасьць запыту пакуль няма.

Індыйскі англамоўны тэлеканал IBN паведаміў, што Дэлі ня можа выканаць просьбу ў сілу адсутнасьці ў Сноўдэна «транзытных дакумэнтаў».

У пасольстве Аўстрыі толькі заявілі, што атрымалі запыт аб прытулку.
Сьпіс краін, у якіх экс-супрацоўнік ЦРУ запытаў прадстаўленьня палітычнага прытулку.

  • Аўстрыя
  • Балівія
  • Бразылія
  • Вэнэсуэла
  • Гішпанія
  • Індыя
  • Ірляндыя
  • Італія
  • Кітай
  • Куба
  • Нарвэгія
  • Нідэрлянды
  • Нікарагуа
  • Нямеччына
  • Польшча
  • Расея
  • Фінляндыя
  • Францыя
  • Швэйцарыя

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG