Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сноўдэн зьвярнуўся па прытулак да 19 краінаў. Беларусі сярод іх няма


Уладзімер Пуцін
Уладзімер Пуцін

Эдвард Сноўдэн, які зьвярнуўся да Расеі з запытам аб палітычным прытулку, абвінаваціў прэзыдэнта ЗША ў тым, што той не прызнае за былым супрацоўнікам ЦРУ права на прытулак. Заява Сноўдэна апублікавана на сайце Wikileaks.

Гэта першая публічная заява амэрыканца ад моманту, калі ён прыбыў у Расею 23 чэрвеня, перадае ВВС.

Экстрадыцыі былога аналітыка дамагаюцца ЗША. На радзіме яго вінавацяць у шпіянажы.

Сам Сноўдэн кажа пра тое, што прэзыдэнт ЗША аказвае ціск на тыя краіны, да якіх ён зьвярнуўся з просьбай аб прадстаўленьні прытулку. Сайт Wikileaks таксама апублікаваў сьпіс зь 19-ці краін, у якіх экс-супрацоўнік ЦРУ запытаў прадстаўленьня палітычнага прытулку.

  • Аўстрыя
  • Балівія
  • Бразылія
  • Вэнэсуэла
  • Гішпанія
  • Індыя
  • Ірляндыя
  • Італія
  • Кітай
  • Куба
  • Нарвэгія
  • Нідэрлянды
  • Нікарагуа
  • Нямеччына
  • Польшча
  • Расея
  • Фінляндыя
  • Францыя
  • Швэйцарыя


У сваёй заяве Сноўдэн называе сябе «чалавекам без грамадзянства» і абвінавачвае ўрад ЗША ў спробах перашкодзіць яму рэалізаваць яго «асноватворнае права ... на прытулак».

Экс-супрацоўнік ЦРУ падаў у нядзелю запыт пра палітычны прытулак у Расеі праз прадстаўніцу Wikileaks Сару Харысан. У панядзелак, дзяжурны дыплямат консульскага пункту ў аэрапорце «Шарамецьева» Кім Шаўчэнка паведаміў агенцтвам, што зварот Сноўдэна атрыманы.

За некалькі гадзін да гэтага паведамленьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што Сноўдэн не зьяўляецца расейскім агентам і расейскія спэцслужбы «не працуюць» зь ім. Ён назваў экс-супрацоўніка ЦРУ праваабаронцам і сказаў, што Сноўдэн павінен выбраць краіну, у якой будзе працягваць сваю дзейнасьць.

Пуцін раней у панядзелак на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве сказаў, што Сноўдэн зможа застацца ў Расеі толькі пры ўмове адмовы ад нанясеньня шкоды ЗША.

Нарвэгія пацьвердзіла, што атрымала прозьбу Сноўдэна аб прытулку, аднак магчымасьці праверыць сапраўднасьць запыту пакуль няма.

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура заявіў, что запыту аб прытулку ад Сноўдэна пакуль не атрымліваў, але "інфарматар заслугоўвае міжнароднай абароны".

У пачатку чэрвеня Эдвард Сноўдэн распаўсюдзіў сакрэтныя дадзеныя аб праграмах электроннага сачэньня амэрыканскіх спэцслужбаў. На радзіме яму цяпер прад’яўленыя абвінавачваньні ў дзеяньнях, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы. Цяпер Сноўдэн, верагодна, працягвае заставацца ў транзытнай зоне маскоўскага аэрапорту «Шарамецьцева», куды прыбыў больш за тыдзень таму рэйсам з Ганконгу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG