Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аўтар сабраў матэрыял у тэматычныя разьдзелы: артаэпія, будова фразы, будова слова, формы слова, націск, выбар слова, выразы, фраземы, прыказкі.

Сёньня мы друкуем тры прыклады з разьдзелу «Выбар слова».

Заяўку на кнігу можна прысылаць ужо зараз — паведамце ў ёй паштовы адрас, на які можна даслаць кнігу. Прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda@rferl.org.

ВЫБАР СЛОВА

Саступіць, пераступіць, не папускацца

Уступіць месца, уступіць просьбам або, скажам, сіле — ці прымальны ў названых спалучэньнях дзеяслоў уступіць?

Аўтары некаторых працаў з культуры беларускае мовы крытыкуюць такое ўжываньне, тым часам як нарматыўныя слоўнікі дапускаюць яго без усякіх абмежаваньняў. Фіксацыі ў розных даведніках — як дыялектнай, так і літаратурнай мовы (напр., у «Слоўніку беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», у «Краёвым слоўніку ўсходняй Магілёўшчыны» Івана Бялькевіча, у «Расійска-беларускім слоўніку» С. Некрашэвіча і М. Байкова) — здаецца, усё ж не дазваляюць адназначна заяўляць пра чужароднасьць слова ўступіць у разьбіраным значэньні. Пры гэтым можна дапусьціць, што аналізаванае тут ужываньне дзеяслова ўступіць у нашай мове мінулага стагодзьдзя было прынамсі ў нейкай ступені абумоўленае аналягічнымі паводле будовы словамі расійскай і польскай моваў (уступить і ustąpіć). І так, арыентуючыся на факты суседніх моваў, у нас забываліся і, на жаль, да сёньня забываюцца на іншыя, адметна беларускія дзеясловы з значэньнем адмаўленьня ад нечага, згоды з чым-небудзь.

Найперш прыпомню тут дзеяслоў саступіць і вытворны ад яго назоўнік саступка. І месца можам саступіць, і сіле саступіць. У тым самым значэньні, што й слова саступіць, ужываецца ў беларускай мове яшчэ адзін дзеяслоў з гэтым коранем, але з прыстаўкаю пера- — пераступіць. Можна сказаць па-беларуску: я пераступіў сябру свой білет або пераступіў старому чалавеку месца ў транспарце. Маем таксама ў арсэнале мовы дзеясловы папусьціць, перапусьціць, нарэшце, папусьціцца. Яны ўжываюцца ў значэньні ‘паддацца сіле, перастаць супраціўляцца’. Гавораць па-беларуску: ён свайго не папусьціць або ён свайго не перапусьціць. А вось сказ, які я выпісаў з часта цытаванага ў «Жывой мове» слоўніка Івана Насовіча: «Не папускайся яму: папусьцісься, блага будзе».

Як заўсёды, у нас ёсьць з чаго выбіраць — не адно слова ўступіць у нашай мове. Гаворым: нам удалося не саступіць у гульні, мы пераступілі вучням лепшыя месцы, трэба не папускацца гвалту, трэба не папускаць свайго.


Склеп і скляпеньне

Часам мяшаюцца ў сучасным літаратурным ужытку два аднакаранёвыя, але розныя значэньнем назоўнікі — склеп і скляпеньне. «Першы паверх, — піша аўтар гістарычнай манаграфіі, — займалі збраёўня, сядлярня, жыльлё абслугі, кладоўка. Ніжэй былі скляпеньні». Аўтар, відавочна, меў на думцы падземныя памяшканьні, скляпы, але напісаў пра скляпеньні.

Крыніцы аўтэнтычнай беларускай мовы скляпеньня ў значэньні склепу, падзямельля, лёху не фіксуюць. Па-беларуску скляпеньне — гэта дугападобнае перакрыцьце, канструкцыя, якая злучае сьцены, апоры будовы. Скляпеньні бываюць драўляныя й цагляныя, каменныя, бэтонныя, жалезабэтонныя; высокія й нізкія; скляпеньні ў печы, склепе, бажніцы. «Нізкае скляпеньне ў пограбе далі: згінацца трэба», — такую ілюстрацыю да назоўніка скляпеньне падае ў сваім слоўніку беларускай мовы Іван Насовіч. Ужываецца скляпеньне і ў пераносным сэнсе — як ‘небасхіл’. «Люблю і я скляпеньне зор», — чытаем у паэзіі Алеся Гаруна. У дыялектнай мове скляпеньне вядомае таксама ў значэньні верхняй часткі ротавай поласьці — паднябеньня.

Варта заставацца пры традыцыйных значэньнях скляпеньня. Памятайма: крывалінейнае пакрыцьцё будовы называецца скляпеньнем, падземнае памяшканьне — склепам, падвалам, сутарэньнем, лёхам (лёхаю). Гаворым па-беларуску, да прыкладу, пра нізкае скляпеньне сутарэньня, падвалу, пра велічнае, узьнесенае ў неба скляпеньне храму.


Собіла зрабіць

Вучні-ліцэісты папыталіся пра незнаёмае слова ў мастацкім тэксьце — дзеяслоўную форму собіла. «Ніхто яго не чакаў — і собіла ж яму прыйсьці», — што значыць собіла?

Собіць — прыйсьці ў галаву, схіліць да думкі зрабіць нешта, як правіла, непатрэбнае ці недарэчнае, нешта на шкоду сабе. Ня трэ было яму прыходзіць, а вось жа павяло туды, нешта падахвоціла прыйсьці. Інакш кажучы, собіла прыйсьці, а тады й ня рады быў, пашкадаваў. Па-расійску, напрыклад, скажуць угораздило, а па-беларуску — собіла. Залежнае слова пры безасабовай форме собіла ставіцца ў давальным склоне: собіла яму, собіла табе, собіла нам.

«І дзіву чалавек даецца: што гэта собіла людзям у такім месцы царкву будаваць», — пісаў на пачатку мінулага стагодзьдзя ў віленскай «Нашай ніве» Карусь Каганец. У «Сівой легендзе» Ўладзімера Караткевіча чытаем: «Собіла ж яму пярэваратнем стаць, людзей мучыць». З Брылёвых «Ніжніх Байдуноў» выпісаў: «І собіла ж старому ледзь ня ў лоб напароцца прыцемкам на засаду».

Дзеяслоў собіць — неадымны факт сучаснае літаратурнае мовы. Собіла нам зрабіць, собіла прыйсьці, собіла трапіць — гаворым мы па-беларуску, ня радыя з таго, што зрабілі, прыйшлі або трапілі.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG